Лёгкаатлет Недасекаў: трэба заканчваць працу з Міжнародным Алімпійскім камітэтам

Беларускім спартоўцам варта адмовіцца ад супрацы ў Міжнародным алімпійскім камітэтам. Такое меркаванне выказаў скакун у вышыню Максім Недасекаў, бронзавы прызёр ХХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа.

Недасекаў пракаментаваў адхіленні беларускіх і расійскіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў. Па яго словах, беларускія і расійскія спартоўцы могуць ладзіць сумесныя спаборніцтвы — і яны будуць не горш за сусветныя турніры. Далучыцца да іх могуць, маўляў, і іншыя краіны, якія захочуць.

"МАК забараніў /спартоўцам з іншых краін/ выступаць у Расіі. На міжнародных спаборніцтвах Расіі і Беларусі забаронена выступаць. Чаму мы павінны слухаць Міжнародны алімпійскі камітэт? Тут трэба заканчваць працу з ім і спаборнічаць у рамках СНД", — перадае БЕЛТА словы Недасекава.

Не толькі МАК, але і многія міжнародныя спартовыя федэрацыі "забанілі" спартоўцаў з Беларусі і Расіі або дазволілі ім выступаць толькі пад нейтральным сцягам. Гэта звязана з вайной, якую Расія развязала супраць Украіны.

Максім Недасекаў — адзін з падпісантаў праўладнага ліста спартоўцаў у 2020 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.