“Ляпісы” знялі новы кліп, але сумняваюцца, што яго пакажуць у Беларусі

У інтэрв’ю Еўрарадыё прадзюсер гурта “Ляпіс Трубяцкой” Яўген Калмыкоў раскрыў таямніцы новага альбома і запэўніў, што на фэсце Be Free прагучаць новыя песні каманды
1-га верасня свет убачыць новы альбом “Ляпісаў” пад назвай “Культпросвет”. Праца над дыскам трымалася ў строгім сакрэце. Пра альбом стала вядома толькі на мінулым тыдні з афіцыйнага паведамлення прэс-службы каманды. Еўрарадыё паспрабавала раскрыць некаторыя таямніцы альбома, звярнуўшыся да прадзюсера “Ляпісаў” Яўгена Калмыкова.

ЕРБ: Яўген, распавядзіце калі ласка, колькі песень увойдзе ў новы альбом?

Яўген Калмыкоў(Я.К.): Не скажу колькі песень, таму што я магу праз дні два якую-небудзь песню прыбраць ці, наадварот, дабавіць. Запісана песень, як заўсёды, крыху больш, чым мы выпускаем. Не магу сказаць.

ЕРБ: Ці будуць на альбоме беларускамоўныя песні?

Я.К.: Так!

ЕРБ: Хто іх прыдумаў?

Я.К.: Міхалок!

ЕРБ: У якім стылі напісаныя песні?

Я.К.: Гэта, можна сказаць, новы стыль: ска-панк, змяшаны з рэвалюцыйна-агітацыйнымі аркестрамі і агітацыйнымі брыгадамі. Нейкі такі замес… Нешта новае для саміх нас. Не ўсе песні ў падобным ключы, але асноўная іх колькасць, на якую мы робім упор і акцэнт, будуць у такім змешаным стылі, які мы нідзе не падслухоўвалі і які сам у нас нарадзіўся.

ЕРБ: З чым звязана “ляпісаўская” мега-прадуктыўнасць?

Я.К: Ну, шчыра кажучы, “Ляпісы” заўсёды былі прадуктыўнымі – вось колькі ўжо песень запісана! А звязана гэта перш за ўсё з тым, што прэ мастацкага кіраўніка калектыву Міхалка, якога не спыніць, як бягучага бізона, разумееце? Так яму ўставіла. Нейкі светапогляд новы ў яго ўвесь час адкрываецца. Карацей, прэ яго. Мы толькі паспяваем рэагаваць…

ЕРБ: Можа ёсць ужо кліпы на песні з будучага альбома?

Я.К.: Так. У гэтым месяцы мы запусцім адзін. Не ведаю, ці возьме яго паказваць нейкі беларускі тэлеканал – буду здзіўлены, калі возьме. Там нічога палітычнага, аднак гэта вельмі незвычайна па форме. Альбом называецца “Культпросвет”, а песня называецца “Буревестник”. Рабіла кліп творчае аб’яднанне “Дзеці сонца”. Увогуле ў нас прынцып быў з гэтым альбомам: па-першае, зрабіць усё канцэптуальна, пачынаючы ад задумкі песень (ад тэкстаў), да музыкі, да дызайну і кліпаў. А дзеля таго, каб гэта ўсё было ў адным стылі, мы практычна ўсё рабілі сваімі рукамі. А сваімі рукамі – гэта творчае аб’яднанне “Дзеці сонца”. Напрыклад, у стварэнні тэкстаў удзельнічалі тыя, хто рабіў раскадроўкі для кліпа, то бок усе варыліся ў адной кашы. Таму альбом “Культпрасвет” – гэта не толькі дзецішча Міхалка, які, безумоўна, з’яўляецца галоўным ідэолагам, а гэта яшчэ і прадукт нашага творчага аб’яднання.

ЕРБ: Праз 2 тыдні адбудзецца рок-фэст Be Free, на якім гурт “Ляпіс Трубяцкой” заяўлены хэдлайнерам. Ці не збіраецеся на ім прэзентаваць новы альбом?

Яўген Калмыкоў: Не. У нас прэзентацыя альбома пачынаецца з Далёкага Ўсходу 2-га верасня. На Be Free яны будуць спяваць новыя песні. Але гэта не будзе прэзентацыя новага альбома. Колькі новых песень яны выканаюць – вырашаць непасрэдна перад канцэртам, як заўсёды робяць. Увесь альбом яны не будуць паказваць, бо гэта фестываль. Людзі туды не ідуць слухаць новы альбом, яны ідуць адрывацца пад вядомыя песні. Таму злоўжываць новымі мы не будзем!


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі