Лукашэнка звольніў начальніка 72-га Аб'яднанага вучэбнага цэнтра ў Печах

Лукашэнка звольніў начальніка 72-га Аб'яднанага вучэбнага цэнтра ў Печах

Аляксандр Лукашэнка сваім указам №383 вызваліў палкоўніка Канстанціна Чарнецкага ад пасады начальніка 72-га гвардзейскага Аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных Сіл. Гэты ўказ кіраўнік Беларусі падпісаў 20 кастрычніка, перадае БЕЛТА.

Чарнецкі быў кіраўніком "вучэбкі", дзе загінуў салдат тэрміновай службы Аляксандр Коржыч. Факты дзедаўшчыны і здзеку з салдатаў, якія ўскрыліся пасля яго смерці, скаланулі ўсю краіну. 

Паведамляецца, што падчас расследавання крымінальнай справы па факце смерці Коржыча былі выяўленыя выпадкі парушэння статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі навучальнага цэнтра. "Гэта стала магчымым у выніку адыходу і безадказнага стаўлення шэрагу службовых асоб цэнтра да выканання сваіх службовых абавязкаў, а таксама адсутнасці кантролю за падтрыманнем вайсковай дысцыпліны і правапарадку ў падпарадкаваным злучэнні з боку яго начальніка палкоўніка Канстанціна Чарнецкага", — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Раней Міністэрства абароны правяло маштабную чыстку сярод афіцэраў, якія кіравалі падраздзяленнямі 72-га АВЦ. З войска звольнены Аляксандр Чарноў (начальнік 3-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў, дзе служыў Коржыч), яго намеснік Руслан Вафін, а таксама начальнік медроты, у сутарэннях будынка якой Коржыча знайшлі павешаным.

Яшчэ двое вайскоўцаў адхіленыя ад выканання службовых абавязкаў. Гэта начальнік штаба — першы намеснік начальніка 72 АВЦ Вячаслаў Шчарбін і начальнік медыцынскай службы цэнтра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі