Вы тут

Лукашэнка заявіў, што сур'ёзны рост цэн на цыгарэты недапушчальны

Нарада ў Лукашэнкі / БЕЛТА

10 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную сітуацыі і перспектывам тытунёвай галіны. На ёй кіраўнік дзяржавы заявіў, што сур'ёзны рост цэн на цыгарэты недапушчальны, інфармуе sb.by.

Лукашэнка згадаў, што тытунь, як і алкаголь, "пры ўсім негатыве" мае вялікае значэнне пры фармаванні бюджэту (1,2 млрд рублёў). Таму "не павінна быць ніякіх шараханняў". Кіраўнік дзяржавы заклапочаны тым, што ў Расіі тытунь каштуе даражэй, чым у нашай краіне. І "ўніфікацыя на тытунёвыя вырабы можа прывесці да сур'ёзнага росту цэнаў", а гэта "недапушчальна для Беларусі і для грамадзян Беларусі", сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Хоць я "курцоў" не падтрымліваю", — адзначыў ён.

Прысутны на нарадзе міністр фінансаў Максім Ермаловіч па яе выніках выказаўся, што Беларусь вядзе з Расіяй перамовы аб уніфікацыі акцызнай палітыкі. Мінск патрабуе, каб змены не паўплывалі негатыўна на айчынны ўнутраны рынак.

Як стала вядома, у Беларусі будзе ўзмоцнены кантроль дзяржавы за тытунёвай галіной.

Лукашэнка даручыў падрыхтавацца да абмеркавання такога ж пытання, звязанага з вытворчасцю і продажам алкаголю. Нарада мусіць адбыцца ў бліжэйшы час.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.