Лукашэнка: Старэйшы сын часта атрымліваў ад мяне, а сярэдні стаяў побач і бачыў

Лукашэнка: Старэйшы сын часта атрымліваў ад мяне, а сярэдні стаяў побач і бачыў

Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў законапраект аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, перадае БЕЛТА.

Па яго словах, гэта дурасць, узятая з Захаду, і модная фармулёўка. Кіраўнік дзяржавы запэўніў: "Мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых, беларускіх, славянскіх традыцый і нашага жыццёвага досведу". 

Лукашэнка раскрытыкаваў Захад за свабоду сэксуальных меншасцяў: "У іх хутка сем'яў не будзе: мужык з мужыком жэніцца або замуж выходзіць. Дзяцей няма каму нараджаць. А мы ў іх запазычваем нейкія нормы паводзін у сям'і".

Законапраект аб супрацьдзеянні хатняму гвалту распрацоўвала Міністэрства ўнутраных спраў. Кіраўнік дзяржавы мяркуе, што гэтым дакументам мусяць займацца ў першую чаргу прадстаўнікі органаў улады на месцах, грамадскія арганізацыі, урад, Адміністрацыя прэзідэнта. 

Па словах Лукашэнкі, ён не прыхільнік таго, каб караць дзяцей, але часам без гэтага ніяк не атрымліваецца. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што свайго старэйшага сына ён фізічна караў: "Добры рэмень часам таксама карысны для дзіцяці. Не для ўсіх, вядома. Віктар, як старэйшы, часта атрымліваў ад мяне. Сярэдні, Дзіма, ужо бачыў, як Віцю трапляла, і роўненька стаяў побач. Малодшага, яму пятнаццаты год, я наогул ніколі не караў: ён гэтага не заслугоўваў".

Такія фізічныя пакаранні Лукашэнка назваў "нашай традыцыяй" і падкрэсліў, што "мы будзем выхоўваць так, як трэба". Пажаданні міліцыі ён паабяцаў унесці ў выглядзе змен у існуючыя законапраекты. 

Паводле інфармацыі БЕЛТА, нядаўна ў Адміністрацыю прэзідэнта прыйшоў ліст супраць новага закона, пад якім падпісалася каля шасці тысяч чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі