Лукашэнка разгортвае БТГ па ўсёй Беларусі. Што гэта такое і навошта патрэбна?

Ды што такое гэтае ваша "БТГ"?! / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Ды што такое гэтае ваша "БТГ"?! / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Вучэнні "Абаронца Еўропы", якія краіны НАТА праводзяць з 1 да 27 траўня, відавочна не даспадобы беларускаму Генштабу. Найвышэйшае вайсковае кіраўніцтва Беларусі заяўляе аб "пагрозе, якая нарастае". Пасля гэтага на ўзмацненне беларускай мяжы рушаць батальённыя тактычныя групы (БТГ).
 

Усё пачынаецца з батальёна

Каб наблізіцца да паняцця БТГ, трэба мець уяўленне пра такую адзінку, як батальён.

— Гэта асноўнае падраздзяленне тактычнага ўзроўню ў сухапутных войскаў. У радыёэлектронных, артылерыйскіх, зенітных, ракетных падраздзяленняў аналагам з'яўляецца дывізіён, — піша ваенны аглядальнік мілітары-канала "Информация".

Колькасць батальёна залежыць ад роду войскаў. Напрыклад, мотастралковы батальён на бронетранспарцёрах будзе складацца прыкладна з 500 чалавек. Менш за палову з іх актыўна ваююць, астатнія адносяцца да кіравання і забеспячэння. Камандуе батальёнам маёр ці падпалкоўнік.

Лукашенко разворачивает БТГ по всей Беларуси. Что это такое и зачем нужно?
Так усярэднена выглядае структура мотастралковага батальёна на бронетранспарцёрах / @libertas_justitia_veritas

БТГ павялічвае магчымасці батальёна ў разы

— Як бачым, у батальёна ёсць артылерыйскае і зенітнае ўзбраенне, але яно лёгкае і не дазваляе паўнавартасна весці агульнавайсковы бой, — звяртае ўвагу ваенны аглядальнік "Информации". — Самымі малымі фармаваннямі, здольнымі весці паўнавартасны агульнавайсковы бой, з'яўляюцца полк і брыгада.

Праблема ў тым, што ўтрымліваць у пастаяннай гатоўнасці такую махіну, як брыгада, вельмі дорага. Адным з варыянтаў вырашэння гэтай праблемы з'яўляецца стварэнне больш кампактных камбінаваных фармаванняў.

Батальённая тактычная група будуецца на аснове батальёна, з'яўляецца часовым фармаваннем і ствараецца пад канкрэтную баявую задачу. Да мотастралковага або танкавага батальёна дадаецца ўзмацненне з зенітна-ракетных, інжынерных, артылерыйскіх і любых іншых спецыялізаваных падраздзяленняў, неабходных для выканання задачы. У выніку набіраецца ўжо каля 800 чалавек і магчымасці батальёна ўзрастаюць у разы.

Лукашенко разворачивает БТГ по всей Беларуси. Что это такое и зачем нужно?
А гэта ўсярэдненая структура батальённай тактычнай групы / @libertas_justitia_veritas

З чаго беларускае камандаванне можа зляпіць БТГ?

Мяркуючы па ўсім, цяпер у так званай праверцы сіл неадкладнага рэагавання задзейнічаны асобныя механізаваныя брыгады, такія як 120-я (Мінск), 19-я (Заслонава), 6-я (Гродна), 11-я (Слонім). Да іх таксама далучыліся 38-я, 103-я і, магчыма, 5-я брыгада сіл спецыяльных аперацый.

Гэтыя баявыя злучэнні могуць дадаваць асабовы склад і ўзбраенне для стварэння БТГ. Пра патэнцыял пералічаных падраздзяленняў расказвае партал "Оборонно-промисловий кур'єр", спасылаючыся на звесткі за 2017 год.

 

Узбраенне механізаваных брыгад

Такім чынам, у шостай, адзінаццатай і дзевятнаццатай брыгадах па штаце могуць знаходзіцца:

— ад 62 да 72 танкаў Т-72Б;
— ад 130 да 160 баявых машын пяхоты БМП-2;
— 20 баявых разведвальных машын БРМ-1К;
— ад 5 да 10 лёгкіх браняваных цягачоў МТ-ЛБ;
— 72 артсістэмы: 18 мінамётаў "Сані" або 82-міліметровых мінамётаў БМ-37, 18 самаходных гаўбіц "Гваздзік" і 18 САУ "Акацыя", 18 рэактыўных сістэм залпавага агню "Град";
— 6 гармат "Рапіра";
— самаходныя супрацьтанкавыя комплексы: 18 адзінак СПТРК "Конкурс" і 12 СПТРК "Штурм-С";
— 6 зенітна-ракетных комплексаў "Страла-10";
— 6 зенітных гарматна-ракетных комплексаў "Тунгуска" або зенітных самаходных установак "Шылка";— 54 пераносныя зенітна-ракетныя комплексы "Ігла".

Лукашенко разворачивает БТГ по всей Беларуси. Что это такое и зачем нужно?
Злева направа: "Тунгуска", "Гваздзік", БМП-2, Т-72Б / калаж Еўрарадыё

У 120-й асобнай механізаванай брыгадзе па штаце могуць знаходзіцца:

— 94 танкі Т-72Б;
— 90 баявых машын пяхоты БМП-2;
— 20 баявых разведвальных машын БРМ-1К;
— 5 лёгкіх браняваных цягачоў МТ-ЛБ;
— артсістэмы: 18 самаходных гаўбіц "Гваздзік", 18 САУ "Акацыя", 12 самаходных гаўбіц "Мста-С" і 18 РСЗА "Град";
— 6 гармат "Рапіра";
— супрацьтанкавыя самаходныя комплексы: 18 "Конкурсаў" і 12 "Штурм-С";
— 6 зенітна-ракетных комплексаў "Страла-10";
— 6 зенітных гарматна-ракетных комплексаў "Тунгуска";
— 54 пераносныя зенітна-ракетныя комплексы "Ігла".

Лукашенко разворачивает БТГ по всей Беларуси. Что это такое и зачем нужно?
Злева направа: "Страла-10", "Рапіра", "Штурм-С", "Мста-С" / калаж Еўрарадыё

Узбраенне сіл спецыяльных аперацый

Узмацніць БТГ у віцебскай (103-й) і брэсцкай (38-й) брыгадах ССА могуць з дапамогай бронетранспарцёраў БТР-70/-80/-82А. Артылерыя падраздзяленняў складаецца з 82-міліметровых мінамётаў БМ-37 і 122-міліметровых гаўбіц Д-30. Акрамя таго, там ёсць супрацьтанкавыя ракетныя комплексы "Метыс" і "Фагот". З зенітных сродкаў — спараная ўстаноўка ЗУ-23 і ПЗРК "Ігла".

Лукашенко разворачивает БТГ по всей Беларуси. Что это такое и зачем нужно?
Віцебскія дэсантнікі вядуць агонь з ЗУ-23 / Laurent Nautilus

У 5-й асобнай брыгадзе спецназа (Мар'іна Горка) ёсць спецыяльныя аўтамабілі "Кайман" на шасі БРДМ-2 і лёгкія аўто "Ліс-ПМ". Для перамяшчэння мабільных груп таксама выкарыстоўваюць кітайскія пазадарожнікі "Богатырь", "Дракон", Volat V1. Згадваюць украінскія аналітыкі і самаходную ўстаноўку "Маскіт" з супрацьтанкавым ракетным комплексам "Шэршань-Д".

Лукашенко разворачивает БТГ по всей Беларуси. Что это такое и зачем нужно?
Злева направа: "Кайман", "Ліс-ПМ", "Богатырь", Volat / калаж Еўрарадыё

Працуе беларускі армейскі спецназ з аўтаматамі АК-74 і падводнымі АПС, з пісталетамі-кулямётамі 9A-91 і ПП-93, з бясшумнымі пісталетамі ПСС і ПБ. З кулямётаў — РПКС-74 і ПКМ. Снайперы-спецназаўцы выкарыстоўваюць вінтоўкі СВД і МЦ-116М, бясшумныя ВСК-94 і 12,7-міліметровыя ОСВ-96. Гранатамёты прадстаўлены падствольнымі ГП-25, супрацьтанкавымі — РПГ-7Д і трыццаціміліметровымі гранатамётамі АГС-17.

— Для УС РФ батальённыя тактычныя групы сталіся выдатным рашэннем у канфліктах накшталт Грузіі, Сірыі і Данбаса, — прыводзіць прыклад ваенны аглядальнік "Информации". — Але для больш шырокамаштабных баявых дзеянняў — як у выпадку з уварваннем ва Украіну ў 2022 годзе ці гіпатэтычнымі сутыкненнямі з сіламі НАТА — яны зусім не падыходзяць і не здольныя замяніць брыгадную або дывізіённую арганізацыю. Асабліва ўлічваючы лагістычныя магчымасці УС РФ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі