Лукашэнка распавёў, якое "жорсткае абяцанне" атрымаў ад кіраўніцтва Расіі

Лукашэнка распавёў, якое "жорсткае абяцанне" атрымаў ад кіраўніцтва Расіі

Аляксандр Лукашэнка распавёў, якое "жорсткае абяцанне" раней атрымаў ад кіраўніцтва Расіі. У панядзелак напярэдадні паездкі ў Маскву на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным кіраўнік дзяржавы правёў нараду, прысвечаную актуальным пытанням супрацоўніцтва з Расіяй. На ёй прысутнічала кіраўніцтва ўраду, Адміністрацыі прэзідэнта, старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч (былы прэм'ер), міністр замежных спраў Уладзімір Макей, старшыня КДБ Валерый Вакульчык.

Як інфармавала Еўрарадыё, на нарадзе Лукашэнка гаварыў пра важнасць дачыненняў з Расіяй, якая застаецца найважнейшым знешнім партнёрам. Але не ўсе са шматлікіх падпісаных пагадненняў выконваюцца. Беларускі кіраўнік прыгадаў, што паўгода таму Масква "адфутболіла" нейкія беларускія прапановы па "больш цеснай інтэграцыі".

Перамовы ў Маскве, прызначаныя на 25 снежня, Аляксандр Лукашэнка назваў няпростымі. Можна меркаваць, што на іх будуць не толькі абмяркоўвацца эканамічныя пытанні (цэны на газ, нафтавыя пытанні ў сувязі з падатковым манеўрам у РФ), але і палітычныя. Нездарма на сённяшняй нарадзе Лукашэнка прапанаваў прысутным абмеркаваць "далейшы рух у вырашэнні інтэграцыйных пытанняў, непахісна паважаючы суверэнітэт дзвюх краін і асабліва выбар народаў — расіян і беларусаў". Ён падкрэсліў, што варыянтаў па вырашэнні пытанняў на перамовах будзе шмат, але беларуская дэлегацыя мусіць дакладна акрэсліць сваю пазіцыю і яе адстойваць.

Такім чынам у Маскву паляціць цэлая беларуская дэлегацыя. Магчыма, што з Аляксандрам Лукашэнкам будзе і прэм'ер-міністр Сяргей Румас.

"І мне асабіста, і ўрад гэта не адмаўляў, было жорстка абяцана: "Мы [расійскае кіраўніцтва] ніколі не пойдзем на пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, і мы кампенсуем страты ад падатковага манеўру", — распавядаў Аляксандр Лукашэнка. Але гэтыя абяцанні невыкананыя. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што з-за падатковага манеўру Беларусь за тры гады страціла амаль 4,5 млрд долараў, а да 2024 года страціць яшчэ $10,5 млрд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі