Лукашэнка распавёў, хто павінен уплываць на стабільнасць паміж Еўропай і Азіяй

Лукашэнка распавёў, хто павінен уплываць на стабільнасць паміж Еўропай і Азіяй

Для Беларусі аднолькава важна развіваць супрацоўніцтва з Усходам і Захадам, не робячы штучнага выбару паміж імі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 чэрвеня на сустрэчы з міністрамі замежных спраў і кіраўнікамі нацыянальных дэлегацый краін — членаў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы.

"Знешняя палітыка нашай краіны заснавана на шматвектарнасці і міралюбнасці. Мы імкнемся выбудоўваць дружалюбныя, узаемавыгадныя адносіны з усімі дзяржавамі", — цытуе словы кіраўніка Беларусі яго прэс-служба

Лукашэнка раскрытыкаваў "пэўныя сілы", якія спрабуюць адрадзіць блокавую палітыку мінулага. Па яго словах, яна можа прывесці да разбуральных і катастрафічных наступстваў. У сувязі з гэтым беларускі кіраўнік прыгадаў, што роўна 76 гадоў таму, 22 чэрвеня 1941 года, Беларусь апынулася пад ударам фашысцкай Нямеччыны. "Мяркую, што гістарычная памяць прымушае нас асабліва цаніць мір і дабрабыт", — дадаў Лукашэнка.

"Наяўныя рэаліі такія, што дзяржавам, якія геаграфічна знаходзяцца паміж Еўропай і Азіяй, неабходна браць на сябе больш адказнасці ў пытанні забеспячэння рэгіянальнай стабільнасці. Тым больш гэта часам нічога не каштуе ў матэрыяльным плане. Бо ад нас шмат у чым залежыць, ці стануць нашы краіны падзяляльнай лініяй паміж сусветнымі цэнтрамі сілы або іх сувязным звяном. Цяпер трэба будаваць не новыя жалезныя заслоны, а разам наводзіць масты паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі на кантыненце", — выказаў меркаванне беларускі кіраўнік.

Лукашэнка адзначыў каштоўнасць Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы як пляцоўкі для дыялогу і супрацоўніцтва па шырокім спектры напрамкаў. У першую чаргу гаворка ідзе пра такія сферы, як транспарт, энергетыка, рэгіянальнае развіццё, навука і тэхналогіі. Шмат чаго робіцца па лініі адукацыі ды культуры.

Сваё сёлетняе старшынёўства ў ЦЕІ Беларусь расцэньвае як дадатковую магчымасць палепшыць сувязі з Еўрасаюзам, дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі