Лукашэнка прыгразіў "разабрацца" з забойцамі беларускіх дальнабойшчыкаў

31 траўня Аляксандр Лукашэнка прыгразіў "разабрацца" з забойцамі двух беларускіх дальнабойшчыкаў ва Украіне ("Прыйдзе час, мы разбяромся і з імі"). Ён сказаў, што іх "забілі ўкраінцы". Але агульнавядомы факт, што беларусы загінулі пад расійскім ракетным абстрэлам. Больш таго, мяркуецца, што расійскія ракеты прыляцелі з тэрыторыі Беларусі. Пра іншыя выпадкі гібелі беларускіх дальнабойшчыкаў ва Украіне інфармацыі няма.

38-гадовы Дзмітрый Шылец і 34-гадовы Іван Рогаў загінулі ў ноч з 9 на 10 сакавіка ў Корасцені на Жытоміршчыне. Пра гэта тады паведаміў мэр горада Уладзімір Маскаленка, пісалі мясцовыя выданні. 17 сакавіка стала вядома, што целы загінулых прывезлі ў Беларусь. МЗС РБ паведаміў, што ўлады Беларусі аказалі дапамогу сваякам загінулых "у вяртанні на радзіму целаў сваіх блізкіх". Абставіны гібелі дальнабойшчыкаў беларускі бок не агучваў. Адзначалася толькі, што яны "не паспелі пакінуць зону канфлікту і былі вымушаны жыць у сваіх машынах, чакаючы магчымасці выехаць у Беларусь". Адказнасць за іх смерць на ўкраінцаў не ўскладалася. Што ж змянілася? Ці Лукашэнка гаварыў пра іншы выпадак?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.