Лукашэнка падпісаў змены ў закон “Аб СМІ”: што ў ім новага?

1 Закрыць сайт і газету будзе можна без суда.

“Калі раней, каб прыпыніць выхад газеты, Міністэрства інфармацыі павінна было падаваць у суд, то цяпер сайт яно можа закрыць проста па сваім рашэнні. Нават без папярэджання, калі будзе прызнана Мінінформам, што сайт распаўсюджвае інфармацыю, забароненую на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, — расказвае Еўрарадыё юрыст Людміла Чэкіна.

Абмежаванне на доступ да шэрагу сайтаў у Беларусі існавала і раней. Аднак так званы “чорны спіс” тычыўся толькі камп’ютараў з дзяржаўных установаў. У сябе дома на “Хартыю”, “Белпатызан”, блог Яўгена Ліпковіча і нават на сайты з порна і наркотыкамі можна было заходзіць. З 1 студзеня 2015 года сітуацыя можа змяніцца — сайты стануць закрытымі абсалютна для ўсіх.

Яшчэ адзін нюанс — абвінавачванне ў экстрэмізме. Раней яго мог знайсці толькі суд, узгадаем хаця б шумную гісторыю з альбомамі “Прэс фота Беларусі”. З пачатку 2015 года зноў жа будзе дастаткова пастановы Мінінфармацыі.

2 Закрыць доступ можна і да замежных інфармацыйных сайтаў.

Справа ў новых правілах распаўсюджання інфармацыі. З 1 студзеня 2015 года гэта дзейнасць патрабуе атрымання дазволу, усіх распаўсюджвальнікаў будуць уносіць у адмысловы рэестр.

“Атрымоўваецца, што замежныя СМІ пры распаўсюджванні інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без змены яе зместу павінны атрымліваць ліцэнзію. І фармальна атрымліваецца, што Мінінфармацыі можа абмежаваць доступ да замежных інфармацыйных сайтаў за тое, што яны не маюць ліцэнзіі”, — расказвае Людміла Чэкіна.

3. Блогеры і нават карыстальнікі сацыяльных сетак цяпер таксама СМІ.

Фармальна, але таксама. Кожны, хто нейкім чынам распаўсюджвае інфармацыю ў інтэрнэце, будзе лічыцца СМІ. Прычым, у адрозненне ад нядаўняга расійскага закона, у беларускім не прапісаная мінімальная аўдыторыя блогаў. Людміла Чэкіна кажа, што па тых самых прычынах можна закрыць доступ да блога, як і да буйнога інфармацыйнага сайта.

“Згодна з законам, кожны рэсурс, які распаўсюджвае інфармацыю, адносіцца да СМІ. І тыя самыя меры, што будуць прымяняцца да сайтаў юрыдычных асоб, могуць прымяняцца цяпер і да блогаў”.

Пакуль незразумела, што будзе з сацыяльнымі сеткамі — блакаваць увесь Фэйсбук ці Твітар праз допіс аданго альбо некалькіх карыстальнікаў наўрад ці будуць. А намёртва “забаніць” аднаго чалавека можа толькі адміністрацыя сацсеткі.

4. Новыя цяжкасці ў распаўсюджванні незалежных газет.

Аб гэтым гаворыць юрыст “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Андрэй Бастунец. На яго думку, стварэнне рэестра распаўсюджвальнікаў змусіць гандляроў адмаўляцца ад продажу газет у сваіх крамах і на гандлёвых кропках. Раней “Народная воля” прадавалася як звычайны тавар, цяпер трэба будзе атрымліваць адмысловы дазвол.

“Стварэнне рэестра распаўсюджвальнікаў друкаваных і электронных СМІ, мне здаецца, што гэта сур’ёзны момант. Падаецца як толькі стварэнне рэестра. Але насамрэч цяпер усе, хто распаўсюджвае СМІ, павінны будуць зарэгістравацца ў Міністэрстве інфармацыі”, — гаворыць Бастунец.

Навошта ў закон “Аб СМІ” унеслі змены?

Андрэй Бастунец мяркуе, што ёсць адразу дзве прычыны, сярод якіх цяжка назваць галоўную.

“Першая — набліжэнне выбараў. А другая, а магчыма і наадварот, першая, гэта тая эканамічная сітуацыя, ў якую краіна ўжо ўвайшла”, — гаворыць ён.

Змены ў закон “Аб СМІ” ўступаюць у сілу 1 студзеня 2015 года. Мяркуючы па апошнім тыдні 2014-га, журналістаў і рэдактараў нават апалітычных сайтаў можа чакаць вельмі няпросты час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі