Лукашэнка паабяцаў, што ў свой час агучыць кіраўнікам ЕС свае прапановы

Лукашэнка паабяцаў, што ў свой час агучыць кіраўнікам ЕС свае прапановы

Падчас двухдзённага афіцыйнага візіту ў Грузію Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю прадстаўнікам мясцовага тэлебачання. Ён заявіў, што накапілася вялікая колькасць прапаноў і пытанняў, якія варта абмеркаваць разам з Еўрасаюзам. “Гэта іх праблемы, і нашы праблемы, і расійскія, і нават, можа быць, беларускія, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — У мяне ёсць сваё бачанне. Прыйдзе час — я пра гэтае бачанне скажу. Ёсць што сказаць”.

Таксама кіраўнік Беларусі сказаў, што ў яго да Бруселя няма “абсалютна ніякіх патрабаванняў”. Паводле яго слоў, ён хоча, каб нашу краіну “паважалі і лічылі, што ёсць такая дзяржава ў цэнтры Еўропы”, каб цанілі яе, як “беспраблемны калідор для ЕС з аднаго боку, і для Расіі і Кітая з другога”.

“І мы хочам, каб Еўрапейскі саюз гэта бачыў і цаніў”, — сказаў беларускі кіраўнік. Ён адзначае, што ёсць “некаторы рух” у справе прасоўвання айчынных тавараў на рынак Еўрасаюза, але праблемы яшчэ застаюцца.

Аляксандр Лукашэнка не хоча, каб ЕС вучыў яго дэмакратыі. “Мы маем свае нацыянальныя асаблівасці”, — адзначыў ён. У чарговы раз Лукашэнка нагадаў пра шматвектарнасць знешняй палітыкі Беларусі. Ён не хоча, каб нашу краіну ставілі перад выбарам, з кім супрацоўнічаць і развіваць адносіны.

Кіраўнік дзяржавы ў згаданым інтэрв’ю адказаў на пытанне, чаму летась не паехаў на саміт “Усходняга партнёрства” ў Брусель. З яго тлумачэння вынікае, што запрашэнне прыйшло тады, калі паездкі былі ўжо запланаваныя да канца года, таму і быў адпраўлены міністр замежных спраў Уладзімір Макей. “Ён больш быў гатовы да тых праблем, якія там абмяркоўваліся. Думаю, прыйдзе час, і я пабуду на гэтым саміце”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі