Лукашэнка зноў даручыў павышаць тарыфы на ЖКГ "толькі на $5" за год

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што павышаць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі больш як на $5 (у эквіваленце) за год можна толькі з яго ведама. А без яго ведама — нельга. Чарговы рост тарыфаў чакае нас 1 студзеня 2018 года:

"Стаўлю задачу для ўсіх: з 2018 года праводзіцца разавае падвышэнне тарыфаў толькі на $5 і ў далейшым — ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінныя быць пад'ёмнымі для народа. У гэтай сувязі ураду, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручаю дэталёва праверыць. І 1 студзеня 2018 года зацвердзім тарыфы рашэннем прэзідэнта", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Цікава, што кіраўнік Беларусі ўжо даручаў ураду павышаць тарыфы не больш як на $5 за год. У 2013 годзе гэта нават было замацавана адмысловым указам — з нумарам 555. Але ў 2018 годзе чыноўнікі парушылі гэтае даручэнне асабліва нахабна. Акрамя традыцыйнага студзеньскага павышэння, у верасні тарыфы выраслі яшчэ на 8%.

І спыняцца на гэтым не збіраюцца.

"Вы [урад. — Еўрарадыё] пачынаеце далей палохаць людзей тым, што ў снежні яшчэ павялічыце на 10%. І гэта пры тым што з лістапада ўсе аб'ектыўна будуць плаціць больш у сувязі з уключэннем ацяплення. Гэта антынародны падыход да справы. Так быць не павінна, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта прывядзе да значнага росту плацяжоў, што несумненна выкліча негатыўны грамадскі рэзананс. І па справе будзе той рэзананс.

Чаму нельга індэксаваць тарыфы, скажам так, калі няма ацяплення, жыроўкі лягчэй? Хоць і гэта мы ўжо зрабілі.

Не разумею, вы, губернатары, разам з урадам каму хочаце дагадзіць — сваім людзям ці нейкім міжнародным арганізацыям?"

Як заўжды, вінаваты МВФ са сваім патрабаваннем аплачваць "камуналку" на 100%.