Вы тут

Літва накіравала ноту ў Мінск і чакае афіцыйнай інфармацыі пра інцыдэнт на АЭС

Астравецкая АЭС / Еўрарадыё

Літва накіравала ноту ў Мінск і чакае афіцыйнай інфармацыі пра інцыдэнт на Беларускай АЭС. Днямі "падчас выпрабаванняў" там была "выяўлена неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання". Станцыя перастала выпрацоўваць электраэнергію.

Літоўскі МЗС спадзяецца, што ў афіцыйным адказе беларускі бок паведаміць і пра прычыны інцыдэнта, і пра яго ўплыў на працэс запуску станцыі, на атамную бяспеку, паведамляе Delfi. Падкрэсліваецца, што гэта цікавіць не толькі Вільню, але і "ўсю міжнародную грамадскасць".

Напярэдадні чыноўнікі Міністэрства энергетыкі Беларусі заявілі, што праграма запуску Беларускай АЭС прадугледжвала часовае спыненне вытворчасці электраэнергіі.

Інцыдэнт на АЭС адбыўся 8 лістапада, на наступны дзень пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі, які афіцыйна адкрыў станцыю і заявіў, што Беларусь "становіцца ядзернай дзяржавай". Як вядома, Літва занепакоена бяспекай Астравецкай АЭС, пабудаванай каля яе мяжы, і шмат разоў прасіла не запускаць станцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.