Вы тут

Літоўскія курорты губляюць грошы з-за адсутнасці беларусаў і расіян

Друскінінкай / Литва

Каранцін ударыў па літоўскіх курортах, якія жывуць за кошт турыстаў. Асаблівую эканамічную карысць прыносілі турысты з Расіі і Беларусі, паколькі яны прыязджалі надоўга і трацілі больш грошай, піша літоўскае выданне Delfi.

Адзін з самых пацярпелых курортных гарадоў — Друскінінкай. Па словах, дырэктара цэнтра турызму і інфармацыі для бізнесу Друскінінкая Рымантаса Палёніса, расіяне і беларусы — выгадныя турысты для ўсёй Літвы, "паколькі яны трацяць больш грошай і менш эканомяць". Але Палёніс не называе гэта трагедыяй для горада і настроены аптымістычна: чакае наведвальнікаў з Германіі, Эстоніі, Польшчы і самой Літвы.

Праўда, санаторый "Belorus" у Друскінінкаі ўжо панёс фінансавыя страты, так як большая частка яго кліентаў — беларусы. Курорт імкнецца прыцягнуць мясцовых кліентаў, але тыя прыязджаюць на тыдзень у адрозненне ад замежнікаў, якія выбіраюць працяглыя пуцёўкі. Запоўненасць вялікіх санаторыяў і SPA-гасцініц, якія адкрыліся больш за месяц таму ў Друскінінкаі, складае зараз усяго 30-40%.

Аналагічная сітуацыя складваецца ў горадзе Бірштонас. Асноўныя наведвальнікі курортнага горада зараз — літоўцы (каля 80% усіх турыстаў). Астатнія — немцы і рускамоўныя з Германіі. Кіраўнік Бірштонскага цэнтра турыстычнай інфармацыі Рута Капачінскайтэ прызнае, што з замежнымі турыстамі справы ідуць не вельмі добра, але яна спадзяецца на латвійскі рынак: "Яны прыязджаюць ненадоўга ў самыя папулярныя месцы, у жніўні-верасні плануюць прыехаць на больш доўгі час".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.