Лідар мусіць фарміраваць погляды, а не плесціся ўслед: палітолаг пра “тутэйшых"

Спектакль "Тутэйшыя" незалежнай тэатральнай трупы "Купалаўцы" / фота "Купалаўцаў"
Спектакль "Тутэйшыя" незалежнай тэатральнай трупы "Купалаўцы" / фота "Купалаўцаў"

Выбары 2020 года не вырашылі праблему адсутнасці кансалідаванай нацыянальнай свядомасці. Цяпер час палітыкам узяцца за гэтую праблему, лічыць палітолаг Павел Усаў.

— У 2020 людзі галасавалі не за прыярытэты Беларусі, а супраць Лукашэнкі. І на сёняшні момант праблема кансалідаванай нацыянальнай свядомасці не вырашаная. І палітычныя лідары павінныя заняцца тым, каб фарміраваць ясныя канкрэтныя нацыянальныя прыярытэты. Калі беларусы застануцца “тутэйшымі”, пабудаваць нацыянальную дзяржаву не ўдасца.

У 2020 годзе нацыя “крыху адрадзілася” ў пытанні выкарыстання сімвалаў і мовы. І ў гэтым кірунку трэба было ісці, лічыць Усаў.

— Лідар фарміруе погляды. Як лідар ты маеш такія рэсурсы. Рэсурсы фарміраваць тоеснасць, прыярытэты, чаканні людзей, а не плесціся за імі.
 

“У тваёй кватэры не павінны спаць п’яны сусед”

Кожны беларус аддаў бы перавагу ўласнай кватэры, а не камунальнай ці арандаванай. Той самы “меркантыльны” падыход павінны працаваць у дачыненні да дзяржавы. Збіраць грошы, эканоміць, браць крэдыты, максімальна кансалідаваць свае сілы, каб набыць кватэру, проста тлумачыць сітуацыю з незалежнасцю Усаў.

 

Лидер должен формировать взгляды, а не плестись следом: политолог о "тутэйшых"
У тваёй кватэры не павінны валадарыць п’яны сусед. Тое самае з краінай / pixabay

— Чаму такога банальнага меркантыльнага падыходу няма ў дачыненні да дзяржавы? Мая кватэра, у ёй павінны быць парадак, не павінна быць п’янага суседа, які будзе ўвесь час шантажаваць. Не павінна быць упраўдома, які навязвае мне свае парадкі. Гэта звычайны падыход да ўладкавання ўласнага жыцця.

Пакуль не будзе разумення, што я — адукаваны інтэлігентны беларус, частка велiзарнай нацыі, будуць гаспадарыць іншыя. Прыйдуць, забеяруць гэтую кватэру.
 

“Навошта мне незалежнасць? Я што, лепей жыву пры ёй?”

Усаў канстатуе некалькі праблем на гэтым шляху пабудовы нацыянальнай канцэпцыі. Першая — адсутнасць адчування праблемы з боку грамадства, а адсюль і нежаданне прыкласці высілкі для фарміравання ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасці.

— Яшчэ перад 2020 годам з’яўляліся ў ютубах беларусы, якія казалі, што не хочуць вучыць беларускую мову, маўляў, навошта яна патрэбная. Калі беларусы так кажуць пра сваю мову, дык і пра незалежнасць могуць сказаць: навошта яна мне? Што яна дае? Я што, лепей жыву пры ёй? Ну вось калі рускія прыйдуць, нам дадуць усё — вось будзе шчасце.

Калі ў людзей няма разумення базавых нацыянальных цывілізацыйных канцэпцый, дык расійскі свет будзе пераважаць. А ўсе нацыянальныя канцэпты не будуць працаваць.

Другая праблема — антынацыянальная палітыка Лукашэнкі.

— Мы ўсё гэта бачылі. І знішчэнне беларускіх школ, і знішчэнне беларускіх універсітэтаў, і знішчэнне беларускай навукі. Пасля 2014 года адбыўся зварот, але не сістэмны.

Трэцяя праблема — мова.

— Учора ехаў уздоўж беларускай мяжы, злавіў дзяржаўнае радыё РОКС. Ніводнай песні па-беларуску, ніводнага слова па-беларуску. Я не паспеў пачуць увесь кантэнт, але за 30 хвілін — адны расійскія шансон і папса.

А сам факт таго, што беларуская мова ўспрымаецца варожа, як маркёр “апазіцыйнага ладу думак”, спрыяе фарміраванню антынацыянальнай ментальнасці.
 

Вам жа хочацца жыць ва ўласнай кватэры, а не ў камуналцы?

Ва ўмоўнай расійскай эліты няма разумення беларускай незалежнасці, лічыць Усаў.

— “Беларусіі” як нейкай асобнай цывілізацыі — культурнай, палітычнай, сацыяльнай — проста не існуе. І тое, што мы пабачылі цягам двух гадоў, — гэта інстытуцыянальны дэмантаж беларускай дзяржаўнасці. Як геапалітычнага суб’екта Беларусі не існуе. І гэта вынік гэтых гульняў: падтрымкі канцэпцыі “мы тутэйшыя, нам галоўнае — умоўная стабільнасць”.

Глядзіце поўную размову з Паўлам Усавым на канале Еўрарадыё.

Але ў перыяд сур’ёзных геапалітычных узрушэнняў давядзецца выбіраць, а выбіраць няма з чаго. І калі на сёння большасць беларусаў так і не зразумела, што яны беларусы, што павінныя глядзець на ўласныя інтарэсы незалежна ад таго, ці будзе цяжка, калі мы адарвёмся ад Расіі, ці выжывем.

Выжывем. Трэба кансалідацыя нацыі, трэба разуменне нацыянальных прыярытэтаў, разуменне таго, што трэба будаваць сваю краіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі