Вы тут

Латушка: рашэнні, якія прымаюць Лукашэнка і Пуцін, не маюць юрыдычнай сілы

Павел Латушка / Еўрарадыё

22 красавіка ў Маскве сустракаюцца Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў стрыме Еўрарадыё падзяліўся меркаваннем, што гэтая сустрэча і далейшыя перамовы паміж кіраўнікамі дзвюх краінаў могуць прывесці да таго, што Беларусь проста перастане існаваць як незалежная дзяржава.

— Калі аналізаваць тую інфармацыю, якая трапляла да нас нават з афіцыйных крыніц, — а гэта і заява начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі на прадмет стварэння сумеснай з Расіяй супрацьпаветранай абароны на тэрыторыі Беларусі, і інфармацыя аб тым, што разглядаецца магчымасць перадыслакацыі авіяпалка ваенна-касмічных сіл Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Беларусі, і тое, што скончыўся тэрмін знаходжання вайсковых аб’ектаў Расійскай Федэрацыі ў адпаведнасці з дамовамі, якія былі падпісаны яшчэ ў 1995 годзе, і таксама інфармацыя аб тым, што плануецца нават накіраваць ваенны кантынгент УС РФ на тэрытрыю Беларусі, — усё гэта дае адпаведныя асцярогі.

На падставе аналізу заявы амбасадара Беларусі ў Расіі Уладзіміра Сямашкі адносна хуткага ўзгаднення дарожных картаў і, як вынік, узнікнення агульнай фінансавай сістэмы і агульнай валюты Павел Латушка робіць выснову, што Беларусь можа знікнуць як незалежная краіна.

— Гэта ўсё фактары, якія сведчаць, што фактычна Беларусь часткова будзе страчваць сваю незалежнасць, свой суверэнітэт у вырашэнні тых пытанняў, якія належаць перад усім дзяржаве Рэспубліцы Беларусь, — лічыць экс-міністр.

Цесная інтэграцыя з РФ можа азначаць фактычную страту ўлады Аляксандрам Лукашэнкам. Ці пойдзе ён на гэта?

— Я думаю, падставамі таму з’яўляецца цяжкая эканамічная сітуацыя, якая складваецца ў Беларусі, — адказвае Латушка. — Не хапае сродкаў, якія збіраюцца з падаткаў, няма фінансавых крыніц для існавання Рэспублікі Беларусь звонку, яны практычна перапыніліся з Захаду. Адзінай крыніцай застаецца Расійская Федэрацыя, а Расійская Федэрацыя ставіць адпаведныя ўмовы. Так што ўзнікае пытанне: ці ён [Лукашэнка] увогуле страчвае ўладу, ці ён захавае часткова гэту ўладу, прадасць частку інтэрэсаў нашай краіны, суверэнітэт Беларусі і атрымае яшчэ магчымасць існавання ў гэтым сэнсе на пасадзе кіраўніка Беларусі.

Тыя дамоўленасці, якіх дасягнуць Лукашэнка і Пуцін, у будучыні будуць скасаваныя — так лічыць Павел Латушка:

— Усе гэтыя рашэнні не маюць юрыдычнай сілы, яны не будуць выконвацца новымі ўладамі Рэспублікі Беларусь. Ад пятага лістапада ўсё замежныя партнёры павінны браць гэта пад увагу.

Цалкам размову з кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.