Вы тут

Кыргызстан і Таджыкістан дамовіліся цалкам спыніць агонь на мяжы

На мяжы Кыргызстана і Таджыкістана / kloop.kg

Кыргызстан і Таджыкістан дамовіліся цалкам спыніць агонь на мяжы. Перамовы прадстаўнікоў абедзвюх дзяржаў прайшлі ў мясцовасці Торт-Качо, дзе і пачаўся канфлікт, піша kloop.kg.

Перамоўшчыкі дамовіліся адклікаць ад мяжы войскі і вайсковую тэхніку і адкрыць рух на трасе Баткен — Ісфана. Акрамя таго, праваахоўнікі Кыргызстана і Таджыкістана будуць разам патруляваць прымежныя зоны, каб не дапусціць новых канфліктаў.

Як распавядала Еўрарадыё, канфлікт на мяжы дзвюх краін, якія ўваходзяць у АДКБ, пачаўся 28 студзеня з-за перакрытай дарогі Баткен — Ісфана. Абодва бакі вінавацілі адзін аднаго ў перакрыцці трасы. 

Неўзабаве быў адкрыты агонь. Пры гэтым зноў кожны бок вінаваціў праціўніка. Памежнікі і Кыргызстана, і Таджыкістана заявілі, што праціўнікі выкарыстоўвалі мінамёты і беспілотнікі.

Спыніць агонь удалося толькі ўначы. Вядома пра пацярпелых з абодух бакоў. Сярод кыргызскіх вайскоўцаў траўмы атрымалі сямёра. Таджыкскія СМІ паведамляюць, што загінуў жыхар аднаго з памежных сёлаў і 11 чалавек атрымалі раненні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.