Кузняцоў пра 2022 год: "Барацьба за ўладу любой цаной"

Пратэстоўцы каля Дома ўрада ў 2020 годзе / Еўрарадыё
Пратэстоўцы каля Дома ўрада ў 2020 годзе / Еўрарадыё

Ва ўнутранай палітыцы беларускія ўлады не збіраюцца адкручваць гайкі, затое не стануць паліць масты ў адносінах з Украінай і зусім адмовяцца ад падагравання міграцыйнага крызісу, лічыць палітычны аглядальнік Пётр Кузняцоў.

Пра тое, чаго чакаць у 2022 годзе ад беларускіх уладаў, дэмакратычных сіл і якой можа быць палітыка іншых краін у дачыненні да Беларусі, эксперт расказаў у інтэрв'ю Еўрарадыё.

 

Вайна замест дыялогу

Дыялогу паміж дэмакратычнымі сіламі і беларускай уладай не будзе, таму што ні адзін з бакоў гэтага не хоча, адзначае Пётр Кузняцоў. Пры гэтым не абавязкова ў 2022 годзе будзе ўзмацненне санкцый заходніх краін.

Кузнецов о 2022 годе: “Борьба за власть любой ценой”
Ні адзін з бакоў не гатовы да перамоваў / Еўрарадыё

— Людзі, якія выказаліся за дыялог, зазаналі астракізм у інфармацыйнай прасторы. Раней таксама былі размовы пра перамовы. Але тады гэта гучала менавіта як перамовы пра правядзенне новых выбараў альбо пра сыход Лукашэнкі. Цяпер гэта такі торг: спыненне рэпрэсій у абмен на санкцыі.

Гэтая ідэя не знаходзіць падтрымкі з боку дэмакратычнага руху. І рэжым зусім не імкнецца ні да якага дыялогу. Там, наадварот, увесь час ваенная рыторыка. Раз'ярыліся, увайшлі ў азарт па пераследзе сваіх апанентаў.

Што да санкцый, мы пакуль нічога не ведаем пра наступны пакет. Зусім неабавязкова, што ён будзе вельмі сур'ёзны. Ці будзе ўзмацненне ціску, залежыць ад агульнай сітуацыі ў рэгіёне. На рашэнні можа паўплываць канфліктная сітуацыя паміж Захадам і Расіяй. У гэтым ураўненні мноства зменных, якія ў тым ліку могуць уплываць на курс Еўропы ў дачыненні да Мінска.

Шмат што будзе залежаць ад паводзінаў уладаў. Мы бачылі, што Еўропа вельмі неахвотна ішла на ўзмацненне санкцый. Санкцыі пасля 2020 года былі слабейшыя, чым пасля 2010 года. Больш сур'ёзныя крокі былі справакаваныя рэзкімі дзеяннямі беларускіх уладаў. Гэта, вядома, пасадка самалёта і міграцыйны крызіс.
 

Стварыць новую міграцыйную хвалю не выйдзе

Кузнецов о 2022 годе: “Борьба за власть любой ценой”
Рэгістрацыя на эвакуацыйны рэйс у Ірак / Еўрарадыё

Міграцыйны крызіс блізкі да завяршэння. Хоць невялікія групы мігрантаў яшчэ будуць заставацца ў Беларусі і спрабаваць трапіць у Еўропу, бо цэнтралізавана вывезці ўсіх немагчыма, адзначае Пётр Кузняцоў.

— Не апраўданы чаканні і не дасягнуты мэты беларускіх уладаў. Як мінімум пастаўлена пад сумнеў мэтазгоднасць далейшых спроб падаграваць крызіс. Гэта ўсё-ткі патрабуе рэсурсаў.

Еўрасаюз не даў ніводнай падставы сумнявацца, што ён будзе цвёрды і паслядоўны ў гэтым пытанні. Шмат мігрантаў ужо вярнулася дадому. Таксама шмат мігрантаў трапіла ў Еўропу. Яны расказваюць пра халодныя беларускія лясы, пра гвалт, пра безвыходнасць. Таму не атрымаецца зноўку запусціць гэтую хвалю.
 

У адносінах з Расіяй і Украінай лёсавызначальных рашэнняў не будзе

У адносінах з Расіяй і Украінай беларускія ўлады будуць старацца балансаваць так, каб не разарваць адносіны з Украінай канчаткова.

Кузнецов о 2022 годе: “Борьба за власть любой ценой”
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі / Яфрэм Лукацкі, AP

— Аляксандр Рыгоравіч больш за ўсё сябраваў з антырасійскімі прэзідэнтамі Украіны. З Януковічам у яго былі досыць прахалодныя адносіны. А вось з Юшчанкам — выдатныя. Вельмі добрыя прагматычныя адносіны былі з Парашэнкам. І гэта мае сваю логіку.

Выбудоўваючы добрыя адносіны з украінскім кіраўніцтвам, беларускі рэжым заўсёды атрымліваў добрага лабіста на Захадзе. І атрымліваў козыры ў гульнях з Масквой.

Кузнецов о 2022 годе: “Борьба за власть любой ценой”
Пратэсты пенсіянераў у Мінску / Еўрарадыё

— Унутры Беларусі адназначна абраны курс на задушэнне ўсяго і ўся. Гэта даходзіць да маразму. Абвяшчаюцца экстрэмісцкімі фармаваннямі аўдыторыі СМІ. І мы бачым, што працяг будзе. Калі будуць прызнаныя аўдыторыі, напрыклад, пяці буйных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі, гэта будзе азначаць, што мільёна паўтара-два беларусаў ужо абвешчаныя злачынцамі альбо патэнцыйнымі злачынцамі.

Я так разумею, што высновы з 2020 года зробленыя прыкладна такія: што б ні адбывалася, гэтай стратэгіі ніхто адмяняць не будзе. Таму што на шалях з аднаго боку развіццё краіны, нармальны грамадскі лад, а з другога — улада, яе будучыня і існаванне наогул. І яны выбіраюць барацьбу за ўладу любой цаной.

Таму ўсе гэтыя знешнія падзеі палітыкі на ўнутраных працэсах не адбіваюцца і не адаб'юцца, хутчэй за ўсё, у найбліжэйшы час. Іншая размова, што ў кожнай з'явы ёсць мяжа. Груба кажучы, калі ў Беларусі станецца больш экстрэмістаў, чым неэкстрэмістаў, то сітуацыя якасна зменіцца. А ўлады гатовыя на гэта пайсці, калі ім падасца, што гэта трэба.
 

Пуцін хацеў бы сыходу Лукашэнкі, але мяняць няма на каго

Унутраныя пытанні беларуская ўлада будзе вырашаць без празмернага ўплыву Расіі, лічыць Пётр Кузняцоў.

Кузнецов о 2022 годе: “Борьба за власть любой ценой”
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін / Reuters

— Я перакананы, што Уладзімір Пуцін з велізарным задавальненнем змяніў бы першую асобу Беларусі, калі б мог гэта зрабіць. Але гэта не так проста. У Лукашэнкі ёсць патэнцыял, каб супраціўляцца.

У той момант, калі Пуцін сапраўды мог гэта зрабіць, у яго проста не было варыянтаў, на каго гэтая замена павінна адбыцца. Пуціну трэба так змяніць канфігурацыю ўлады ў Беларусі, каб Беларусь засталася цалкам у арбіце Расіі.

Цяпер Расія ўжо не можа хутка памяняць уладу ў Беларусі. Магла б у 2020 годзе, калі б Пуцін адкрыта выказаў падтрымку пратэсту, напрыклад. У той момант гэта магло б адыграць вырашальную ролю ў настроі сілавікоў. Цяпер, калі ён нават выступіць з такімі заявамі, гэта ўжо настрой сілавікоў не зменіць.

Але Расія не можа і не магла б утрымаць Лукашэнку ва ўладзе ў выпадку рэальнай пагрозы для яго. Таму што ў Расіі досыць абмежаваны набор інструментаў для гэтага. Я схільны гаварыць, што ролю і магчымасці Расіі моцна перабольшваюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі