Крымінальную справу распачалі ў дачыненні 14-гадовага "рэйкавага партызана"

Крымінальную справу распачалі ў дачыненні 14-гадовага "рэйкавага партызана". Група падлеткаў прынесла і паклала на чыгунку дошкі. Па версіі міліцыі, яны хацелі "паглядзець, што будзе далей".

А далей было экстраннае тармажэнне цягніка. Дзяжурная па станцыі "Ратамка" паведаміла пра гэтае здарэнне ў Мінскае РАУС. На месца прыехалі міліцыянеры, якія высветлілі, што здарылася. Дошкі на рэйкі паклалі трое школьнікаў. Старэйшаму з якіх 14 гадоў, двум па 13. Бацькі не ведалі, што іх сыны гуляюць на чыгунцы.

Крымінальную справу ў дачыненні да 14-гадовага падлетка распачалі за "злоснае хуліганства". У дачыненні іншых падлеткаў "пачаты адміністрацыйны працэс". Міліцыя называе іх "малалетнімі хуліганамі". Паколькі дзеці не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адказнасці, працэс будзе спынены. Аднак "за невыкананне абавязкаў па выхаванні" могуць пакараць бацькоў.

Школьнікі і раней "партызанілі" на чыгунцы ў розных рэгіёнах краіны. У выніку міліцыя неаднаразова праз мясцовы друк нагадвала пра адказнасць за такое хуліганства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.