Вы тут

Краіны G7 будуць узмацняць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расіі

Ізаляцыя Уладзіміра Пуціна ўзмацняецца / kommersant.ru

Міністры замежных спраў краін G7 дамовіліся аб узмацненні эканамічнай і палітычнай ізаляцыі Расіі, а таксама пра далейшыя пастаўкі ўзбраенняў Украіне. У заяве адзначаецца, што межы, якія РФ спрабуе змяніць шляхам ваеннай агрэсіі, ніколі не прызнаюць, паведамляе "Бі-Бі-Сі". Расія акупавала і кантралюе значныя тэрыторыі на ўсходзе і поўдні Украіны. Рэгулярна ў СМІ з'яўляюцца заявы розных дзеячоў пра планы іх далучэння да Расіі.

Кіраўнікі МЗС краін G7 заклікалі Кітай не дапамагаць РФ і не апраўдваць вайну Расіі супраць Украіны.

Краіны G7 працягваюць "заклікаць Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы і спыніць даваць Расіі магчымасць здзяйсняць агрэсію [са сваёй тэрыторыі]". Яны "абураныя фактамі рэпрэсій у Расіі і Беларусі ў дачыненні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, апазіцыі і грамадзян, якія мірна выказваюць сваю незадаволенасць вайной РФ супраць Украіны".

Саміт праходзіў тры дні, у ім удзельнічалі дыпламаты з Вялікабрытаніі, Канады, ЗША, Германіі, Францыі, Італіі, Японіі і Еўрасаюза.

Нядаўна лідары G7 заявілі пра жаданне прыцягнуць да адказнасці Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.