Вы тут

Кожны пяты абноўлены пад'езд у Мінску жыхары рамантавалі за свой кошт

У межах планавага рамонту ў пад'ездзе могуць толькі пафарбаваць сцены / vminsk.by​

Кожны пяты абноўлены з пачатку года пад'езд у Мінску жыхары рамантавалі за свой кошт, паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на спецыяліста Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі (МГЖГ) Ірыну Крэмень.

Гаворка пра 222 пад'езды, дзе жыхары самі знайшлі рабочых або нанялі камунальнікаў і самі заплацілі за рамонт. Прычым часам заказвалі не проста афарбоўку сцен, але і, напрыклад, кладку пліткі на падлогу.

Паводле планаў, за гэты год плануецца абнавіць 2050 пад'ездаў (усяго камунальнікі ў Мінску сочаць за станам крыху больш чым 23 тысяч пад'ездаў). Больш за тысячу ўжо прывялі ў парадак за студзень-чэрвень.  

Як правіла, выконваецца бюджэтны рамонт, расказала прадстаўніца МГЖХ: зняцце старой фарбы, грунтоўка, шпаклёўка, атынкоўка сцен, афарбоўванне. Дадатковыя працы аплачваюцца за кошт жыхароў. Сярэдні кошт рамонту аднаго пад'езда ў гэтым годзе склаў 3,1 тысячы рублёў. У мінулым годзе на рамонт аднаго пад'езда трацілі больш — 3,5 тысячы рублёў.

Але рэч не ў эканоміі, а ў тым, што сёлета часцей абнаўляюць пад'езды ў малапавярховых дамах, патлумачыла спецыялістка. Таму агульная сума і атрымалася меншай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.