"Коммерсантъ": Лукашэнка ў Маскве прапаноўваў сустрэчу Папы і Патрыярха

Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан можа папярэднічаць не толькі прыезду Папы Рымскага Бенедыкта XVI у Беларусь, але і больш глабальным падзеям. Як піша расійскае выданне "Коммерсантъ", 10 красавіка ў Маскве на сустрэчы з патрыярхам Кірылам Лукашэнка прапаноўваў сустрэчу Папы і Патрыярха ў Мінску.
Кіраўнік Беларусі абгрунтаваў сваю прапанову тым, што наша краіна "знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, на мяжы паміж праваслаўем і каталіцызмам, і з'яўляецца выспай цярпімасці і талерантнасці розных рэлігій".

Дарэчы, расійскае выданне "Новые известия" паведамляла пра гэты праект Лукашэнкі яшчэ ў канцы сакавіка пасля нечаканай сустрэчы Лукашэнкі і патрыярха Кірыла ў Сочы. Хутчэй за ўсё тады абмяркоўвалася сустрэча Папы і Патрыярха ў Беларусі. Паводле "Новых известий", супярэчнасцяў паміж Масквой і Ватыканам апошнім часам стала менш і, магчыма, "праблема ўкраінскіх уніятаў" не стане перашкодай для сустрэчы кіраўнікоў дзвюх цэркваў.

"Я б вельмі хацеў, каб у цэнтры Еўропы, на мяжы праваслаўя і каталіцызма, прайшла сустрэча Маскоўскага патрыярха і Папы Рымскага", — прызнаваўся ў інтэрв'ю заходнім СМІ Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў верасні мінулага года.

Сустрэча Папы і Патрыярха можа прайсці ў верасні. Якраз тады ў Беларусь збіраецца прыехаць патрыярх Кірыл, які перад гэтым наведае Ўкраіну.