Колькасць палітвязняў у Беларусі дасягнула 1519 чалавек

Колькасць палітвязняў у Беларусі працягвае расці / З архіва Еўрарадыё

Колькасць палітвязняў у Беларусі працягвае расці / З архіва Еўрарадыё

Колькасць палітвязняў у Беларусі дасягнула 1519 чалавек. Праваабаронцы дадалі ў спіс яшчэ 10 прозвішчаў. Гэта — Дзмітрый Макееў, Антон Хадкевіч, Дзмітрый Гудзееў, Арцём Караткевіч, Валянцін Штэрмер, Антон Шыбут, Руслан Рабкавец, Вольга Брыцікава, Аляксандр Кухаронак і Аляксандр Балонкін. Праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.

Макееў асуджаны па некалькіх артыкулах (за ахвяраванні, у тым ліку і каліноўцам) да шасці гадоў папраўчай калоніі і вялізны штраф. Хадкевіч асуджаны да трох гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па некалькіх артыкулах, у тым ліку за ўдзел у пратэстах і за "паклёп" на Аляксандра Лукашэнку. Гудзееў утрымліваецца пад вартай па артыкулах "арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі" і "удзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання". Караткевіч утрымліваецца пад вартай па артыкуле "стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у яго дзейнасці". Штэрмер знаходзіцца пад вартай па артыкулах "распальванне нацыянальнай варожасці" і "абраза Лукашэнкі" — за каментары ў інтэрнэце, у тым ліку з крытыкай вайсковага ўварвання Расіі ва Украіну. Шыбут утрымліваецца пад вартай за выказванні ў інтэрнэце ("абраза прадстаўніка ўлады"). Рабкавец знаходзіцца пад вартай за перадачу відэа расійскай вайсковай тэхнікі пратэснаму тэлеграм-каналу.

Праваабаронцы лічаць недапушчальным утрыманне пад вартай Брыцікавай, Кухаронка і Балонкіна, абвінавачаных па артыкуле "заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі