Шасцёра падлеткаў збеглі з магілёўскай спецвучэльні. Іх знайшлі і моцна збілі

Шасцёра падлеткаў збеглі з магілёўскай спецвучэльні. Іх знайшлі і моцна збілі

Крымінальную справу пачаў Следчы камітэт на дырэктара спецвучэльні закрытага тыпу №2 і яго намесніка. Мужчын вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, піша tut.by

26 лістапада шэсць хлопцаў уцяклі са спецвучэльні. Іх знайшлі і вярнулі ва ўстанову. Пасля гэтага кіраўнікі спецустановы збілі непаўналетніх. 

Афіцыйная прадстаўніца абласнога ўпраўлення Следчага камітэта Аксана Салянюк паведаміла журналістам: "Следства выявіла, што абвінавачаныя, высвятляючы ў шасцярых выхаванцаў узначаленай імі ўстановы адукацыі абставіны і прычыны самавольнага сыходу з тэрыторыі вучылішча, збілі непаўналетніх, а затым арганізавалі незаконнае змяшчэнне іх у пакой, абмежаваўшы тым самым свабоду".

Шэсць падлеткаў атрымалі траўмы. Адзін з іх, 16-гадовы ўраджэнец Чэрыкава Андрэй, апынуўся ў лякарні з траўмай пазваночніка. Пра гэтую траўму маці хлопца, Алена Шчаўлікава, даведалася ад медыкаў. Калі жанчына стала высвятляць паходжанне траўмы, у спецвучэльні ёй паведамілі, што за два дні да таго былі ўцёкі падлеткаў з вучэльні, але адміністрацыя пра гэта бацькам не паведаміла. 

16-гадовы Андрэй трапіў у спецвучэльню 26 кастрычніка. Яны з аднакласнікам ўскрылі чужую машыну, дасталі панэль прыбораў, прыхапілі з сабой калоду ігральных картаў. За гэта падлеткаў прысудзілі да паўгода абмежавання вольнага часу — з 21.00 да 7.00 яны мусілі знаходзіцца дома. Андрэй не выконваў рэжым, таму інспектар па справах непаўналетніх накіраваў матэрыялы ў суд, каб адправіць хлопца ў спецустанову. З 12 кастрычніка ён быў у прыёмніку-размеркавальніку ў Мінску, а 26 кастрычніка яго перавялі ў Магілёў. Гэта значыць, у СПТВ №2 хлопец прабыў толькі месяц.

У размове з маці падлетак патлумачыў, што наважыўся на ўцёкі з невыносных прычынаў. "Я спытала, навошта. А ён адказвае: "Мам, там жыць было невыносна. Нас пастаянна збівалі. Нам усё забаранілі: званкі, лісты, перадачы". Я спытала, чаму ён мне раней не сказаў пра гэта, хоць у лістах пісаў: "Я вытрываю, вытрымаю". Сын сказаў, што лісты чыталі — і не адправілі б, калі б пра такое напісалі. Па тэлефоне ён таксама нічога не мог сказаць, таму што ўвесь час побач знаходзіўся супрацоўнік, кантраляваў", — распавядае са словаў сына Алена.

Андрэй распавёў маці, як яго збівалі пасля затрымання. Хлопцаў па адным заводзілі ў дзіцячы пакой, дзе іх збівалі тры супрацоўнікі спецустановы. Потым уцекачоў пакінулі стаяць у гэтым пакоі на ўсю ноч пры ўключаным святле.

"Як сказала мне следчая, гэта адзіны пакой на тэрыторыі ўстановы, дзе няма відэакамер. Сын распавёў, што яго спачатку адзін раз ударылі, ён паваліўся. А потым, калі ўдарылі ў спіну, яму забалела, ён закрыў яе рукамі. Білі двое, нагамі. Раніцай у панядзелак, мне следчая распавяла, гэтых шасцярых па распараджэнні дырэктара асобна ад усіх пазней належнага павялі на сняданак, каб астатнія дзеці іх не бачылі. І толькі ў аўторак, калі сын, як ён тлумачыў мне, ужо не мог ісці — так яму было балюча! — яго павезлі ў ляакрню. Пры гэтым адзін з супрацоўнікаў адміністрацыі, кажа, папярэдзіў дзяцей: "Гэта толькі пачатак для вас". А сыну сказаў, што ён сімулянт".

Здымак у лякарні паказаў, што ў хлопца — закрыты пералом першага пазванка паяснічнага аддзела. Падлетак у шпіталі ўжо трэці тыдзень, хутка яго выпішуць, бо даўжэй трымаць у стацыянары не могуць. Яму накладуць гарсэт, загіпсуюць і адправяць назад у спецвучэльню.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі