Кіраўнікі FBI і МІ5: Кітай — велізарная доўгатэрміновая пагроза

Кітай — велізарная даўгатэрміновая пагроза для краін Захада і ЗША. Пра гэта заяўляюць кіраўнікі FBI і МІ5, які ўпершыню з'явіліся разам на публіцы ў Лондане, піша Gazeta Wyborcza.

Шэф брытанскай службы бяспекі мяркуе, што ўрад Кітая і яго "схаваны ціск на свет" — гэта "самы наватарскі выклік", які цяпер стаіць перад Захадам. 

"Гэта рэальная і неадкладная задача. Мы павінны казаць пра гэта і дзейнічаць", — перакананы Кен Макалум. Ён дадаў, што яго калегі цяпер праводзяць у сем разоў больш расследаванняў у Кітаі, чым чатыры гады таму, і плануюць рабіць больш захадаў, каб абараніць краіну ад умяшання кітайцаў у "многія аспекты жыцця" Вялікабрытаніі.

"Папулярнае на Захадзе меркаванне аб тым, што рост дабрабыту ў Кітаі і пашырэнне кантактаў з Захадам аўтаматычна вядзе да павелічэння палітычных свабод, аказалася няслушным. Камуністычная партыя Кітая зацікаўлена ў нашай дэмакратычнай, медыйнай і прававой сістэме, але, на жаль, не для таго, каб вучыцца ў яе, а для таго, каб выкарыстоўваць яе ў сваіх мэтах", — кажа кіраўнік МІ5.

Подбнага меркавання прытрымліваецца і шэф FBI Крыстафер Рэй, згодна з якім "кітайскі ўрад уяўляе сабой найвялікшую доўгатэрміновую пагрозу эканамічнай і нацыянальнай бяспецы" краін Захаду.

Ён папярэдзіў бізнесменаў і навукоўцаў, што кітайскі ўрад мае намер "скрасці тэхналогіі, усе сучасныя прамысловыя рашэнні і выкарыстоўваць іх, каб атрымаць перавагу перад [заходнімі] кампаніямі і дамінаваць на [заходнім] рынку". Гэта дазволіць Кітаю ў выпадку санкцый абараніць сваю эканоміку, калі Пекін вырашыць напасці на Тайвань, мяркуе Рэй.

Прадстаўнік кітайскай амбасады ў Вашынгтоне Лю Пэньюй абверг абвінавачванні, назваўшы іх неабгрунтаванымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.