Кіраўнікі апазіцыйных партый і рухаў сустрэліся з амбасадарамі краін ЕС

Прадстаўнікі дэмакратычных партый і рухаў абмеркавалі з амбасадарамі краін ЕС сітуацыю ў Беларусі. Пра гэта БелаПАН паведаміў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
У сустрэчы прымалі ўдзел намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч, намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Віктар Карняенка, сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган і сустрашыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец.

Паводле слоў Лябедзькі, амбасадараў цікавіла выбарчае заканадаўства, становішча СМІ, дзейнасць палітычных партый і грамадскіх арганізацый. "Прычым іх цікавіла сітуацыя не толькі ў прававым, але і ў адміністрацыйным і ў рэальным плане. Мы канстатавалі, што пэўныя перамены ёсць, але яны нязначныя і не носяць сістэмны характар", - сказаў лідэр АГП.

На сустрэчы прадстаўнікі дэмакратычных сілаў распавялі пра магчымыя варыянты сваёй далейшай дзейнасці. Паводле Лябедзькі, альбо ўладам спатрэбяцца канструктыўныя прапановы апазіцыі па дэмакратызацыі краіны і падзеле адказнасці ў выпадку прыняцця мераў, якія прапануюцца, альбо апазіцыя будзе выштурхнутая на вуліцу і працягне працу з насельніцтвам.

Палітыкі выказалі меркаванне, што цеснае супрацоўніцтва ЕС з афіцыйным Мінскам "мусіць быць толькі пасля здзяйснення рэальных дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі