Вы тут

Кіраўнік Ryanair: даклад ICAO па інцыдэнце з самалётам з'явіцца да канца чэрвеня

Самалёт Ryanair у мінскім аэрапорце, 23 траўня 2021-га / Handout via REUTERS

15 чэрвеня кіраўнік Ryanair Майкл О'Ліры заявіў, што даклад ICAO па інцыдэнце з самалётам кампаніі ў Беларусі будзе прадстаўлены ў бліжэйшыя два тыдні — да канца чэрвеня, паведамляе ТАСС. 23 траўня ў мінскім аэрапорце прызямліўся пасажырскі самалёт, які ляцеў з Грэцыі ў Літву, былі затрыманыя Раман Пратасевіч і Сафія Сапега.

"Мы адправілі наш выніковы даклад па таму, што адбылося, польскім авіяцыйным уладам, — сказаў кіраўнік Ryanair у камітэце па транспарце Палаты абшчын парламента Вялікабрытаніі. — Яны разам з літоўскімі і ірландскімі авіяцыйнымі ўладамі накіруюць даныя даклада ў ICAO".

О'Ліры таксама заявіў, што пілот самалёта пайшоў на пасадку ў Мінску, паколькі "не мог паступіць інакш" пасля сігналу ад уладаў Беларусі пра пагрозу выбуху.

Як вядома, беларускія ўлады заявілі, быццам атрымалі паведамленне, што на борце самалёта было выбуховае прыстасаванне. Пра гэта паведамілі экіпажу. Тым часам з'явілася інфармацыя, што адбылося гэта раней, чым насамрэч быў атрыманы ліст ад "салдат ХАМАС".

Пасля інцыдэнта з самалётам Ryanair ЕС і Украіна закрылі сваё неба для беларускіх авіякампаніяў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.