Вы тут

Кіраўнік НАТА: Рызыка нападу Расіі на Украіну застаецца вельмі і вельмі высокай

Украінскія вайскоўцы / Данпрэс

Расія нагнятае абстаноўку ў Данбасе, каб "стварыць падставу для нападу" на Украіну. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу ARD заявіў генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг. Ён лічыць, што рызыка ўварвання застаецца "вельмі і вельмі высокай".

Мабілізацыя ў "ЛНР" і "ДНР", аб'яўленне эвакуацыі ў рэгіёне, рэжым парушэння спынення агню, гісторыі пра генацыд мясцовых жыхароў — усё гэта, на думку Столтэнберга, прыкметы падрыхтоўкі да ўварвання. Да таго ж, расійскія войскі не адводзяцца ад мяжы з Украінай. Да іх далучаюцца новыя.

Тым не менш, Столтэнберг не выключае верагоднасці дээскалацыі: яна магчымая пры санкцыйным ціску.

"Мы хочам прымусіць Расію змяніць курс і сесці за стол перамоваў з намі", — заявіў кіраўнік НАТА.

На думку прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, Расія нападзе на Украіну ў бліжэйшыя дні. Маўляў, гэта адбудзецца пад маркай генацыду на Данбасе.

На 20 лютага запланавана тэлефонная размова прэзідэнтаў Расіі і Францыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.