Кепская вучоба не перашкодзіць творцам паступіць у творчую ВНУ

Ганна Хітрык баялася праваліць на іспытах мову ці літаратуру. А Зоя Белахвосцік кажа, што яе выхаванцы, якія правалілі цэнтралізаванае тэставанне, цяпер паспяхова вучацца ў Маскве 16 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №314, які мяняе правілы набору студэнтаў у вышэйзгаданыя ВНУ. Чакаецца, што гэта створыць спрыяльныя умовы для таленавітай моладзі, якая збіраецца вучыцца ў культурніцкіх установах.

Калі раней пры паступленні браліся ў разлік шэсць адзнак, то цяпер будуць толькі чатыры. Замест адзнак па двух сертыфікатах цэнтралізаванага тэставання і сярэдняга балу па школьным атэстаце ў конкурсе будзе ўдзельнічаць адно сярэдняе арыфметычнае з іх, кажа адказны сакратар прыёмнай камісіі Акадэміі мастацтваў Андрэй Аніська.

Па яго словах ініцыятыва ішла з ВНУ, якія займаюцца наборам спецыялістаў у галіне культуры. Бо было шмат выпадкаў, калі таленавітыя абітурыенты атрымоўвалі нізкія адзнакі па агульнаадукацыйных прадметах і правальвалі ўступныя іспыты.

Андрэй Аніська: "Былі выпадкі, калі ў абітурыентаў па творчасці былі адзнакі вышэй, чым па цэнтралізаваным тэставанні, і наадварот. Мог паступіць той, у каго адзнакі па ЦТ і сярэдні бал атэстата вышэй за тых, хто атрымаў вышэйшыя адзнакі па творчасці".

У гэтым выпадку прыёмная камісія нічога не магла зрабіць. Прыходзілася выконваць правілы і браць менш таленавітых людзей.

Былая выпускніца Акадэміі мастацтваў, а зараз лідэр гурта "Дзеці дзяцей" і актрыса Купалаўскага тэатру Ганна Хітрык кажа, што такія змены да лепшага. Бо сама кепска вучылася ў школе і ведае, як цяжка здаваць акцёру літаратуру ці мову.

Ганна Хітрык: "Я вельмі кепска вучылася ў школе і баялася экзаменаў, якія не звязаныя з творчасцю. Думаю, што для такіх "разумных" людзей, як я — гэта добры шанец паступіць. Шкада, калі таленавітае дзіця добра пакажа сябе на сцэне, а потым "злажае" які-небудзь пераказ альбо літаратуру, альбо мову і не паступіць. Усё ж такі акцёры — гэта акцёры, а начытаць заўсёды паспеюць".

Актрыса Купалаўскага тэатра і педагог Акадэміі мастацтваў Зоя Белахвосцік таксама лічыць станоўчымі папраўкі ў правілы паступлення, бо яна сама ведае некаторых людзей, якія дрэнна здалі тэставанне і не трапілі ў акадэмію. Але гэта не перашкодзіла ім паступіць у маскоўскія ВНУ.

Зоя Белахвосцік: "Для творчых ВНУ такая змена — гэта вельмі добра. Адораным хлопцам і дзяўчатам будзе нашмат прасцей і лягчэй. Наколькі я ведаю, у творчых ВНУ усе гэтаму радуюцца. Бо былі хлопцы і дзяўчаты, якія займаліся ў мяне на падрыхтоўчых курсах, вельмі здольныя людзі, але ў іх былі нейкія праблемы з гэтымі тэстамі, штосьці не паспелі ці штосьці не зразумелі. З-за гэтага яны не паступілі. Пара чалавек з іх з’ехалі ў Маскву, і зараз яны там вучацца. Вельмі крыўдна".

Сёлета змены адбываюцца як эксперымент. Але калі ён пройдзе паспяхова, то цалкам верагодна, што правілы прыёму ў творчыя ВНУ будуць адпаведна карэктавацца.

Фота — yaguanodont.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі