Каранавірус выявілі ў некалькіх афіцэраў Заходняга аператыўнага камандавання

Каранавірус выявілі ў некалькіх афіцэраў Заходняга аператыўнага камандавання

Некалькі афіцэраў Заходняга аператыўнага камандавання захварэлі на каранавірус, піша TUT.by. 

Чытач сайта паведаміў, што COVID-19 выявілі ў 18 афіцэраў. Гэта, нібыта, начальнік шпіталя, начальнік медыцынскай службы, кіраўнік фінансава-эканамічнага ўпраўлення і яшчэ 15 чалавек. Таксама ў інфекцыйнай лякарні, па словах крыніцы, ляжыць з каранавірусам салдат тэрміновай службы. 

У прэс-службе Мінабароны патлумачылі, што ў Заходняе аператыўнае камандаванне ўваходзяць вайсковыя часці на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.

"У гэтых вайсковых часцях у некалькіх афіцэраў тэст на СOVID-19 даў станоўчы вынік. Ніхто з іх не мае патрэбы ў шпіталізацыі, яны знаходзяцца дома, на самаізаляцыі", — распавяла афіцыйная прадстаўніца міністэрства Наталля Гаўрусік.

Ні колькасць захварэлых, ні іх пасады ў Мінабароны не называюць. Але ўдакладняюць, што каранавірус у часцях, падпарадкаваных Заходняму аператыўнаму камандаванню, пацверджаны ў трох салдатаў. Усе яны шпіталізаваныя ў Гродзенскую абласную інфекцыйную лякарню, ніхто з іх не знаходзіцца пад апаратам ШВЛ.

Раней стала вядома, што каранавірус выяўлены ў вайскоўца ў Печах (Барысаўскі раён) і ў двух салдатаў у Бабруйску. Пазней з'явілася інфармацыя, што COVID-19 дыягнаставалі ў аднаго з афіцэраў, ён знаходзіцца пад апаратам ШВЛ.

На раніцу 6 траўня ў Беларусі выяўлена 19 255 выпадкаў заражэння каранавірусам, памёрлі 112 чалавек. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі