Канфіскаваць аўто могуць і ў тых, хто трапляўся п’яным з пачатку года

Трапіўся на вочы супрацоўнікам ДАІ другі раз цягам года — развітвайся з машынай. Але калі вы думаеце, што адлік вашых правапарушэнняў пачынаецца менавіта з дня, калі закон набывае сілу, то памыляецеся.

“Нават калі ў студзені гэтага года ён зрабіў гэта першы раз (сеў нецвярозым за руль і быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ. — заўв. Еўрарадыё), а 24 кастрычніка яго ізноў прыцягнуць за тое ж парушэнне, то гэта ўжо будзе паўторным. Будзе!  Бо гэта ўжо будзе “паўторна цягам года” — цягам аднаго каляндарнага года”, — даводзіць карэспандэнту Еўрарадыё супрацоўнік аддзела агітацыі і прапаганды рэспубліканскай ДАІ Аляксандр Бруй.

Але ж яшчэ зусім нядаўна начальнік сталічнай ДАІ Дзмітрый Карзюк падчас “прамой тэлефоннай лініі“ даводзіў Еўрарадыё: найхутчэй, лічыць парушэнні пачнуць пасля таго, як закон набудзе сілу.

Дзмітрый Карзюк: “Самога механізму рэалізацыі пакуль няма. Але верагодней за ўсё, што лічыць парушэнні пачнуць толькі пасля набыцця сілы”.

Еўрарадыё звяртаецца да распрацоўшчыка ўзгаданага законапраекта — у Генпракуратуру. Кіраўніка прэс-службы Пятра Кісялёва пытанне прымушае задумацца.

Пётр Кісялёў: “Можна, канешне, яшчэ абмяркоўваць гэта пытанне, але калі там (у законе. — заўв. Еўрарадыё) напісана “цягам года”, то тут можна і каляндарны браць”.

І ў сваіх развагах ідзе нават далей.

Пётр Кісялёў: “А калі браць каляндарны год, то, атрымліваецца, што каляндарны год у нас пачынаецца з 1 студзеня. Але калі не сказана “каляндарны год”, а проста сказана “цягам года”, то значыцца —  яшчэ і кастрычнік з лістападам і снежнем мінулага года можна захапіць, правільна?”

А як жа “агульны прынцып права”, паводле якога закон, які ўзмацняе адказнасць, не распаўсюджваецца на ўчынкі, здзейсненыя да таго, як гэты закон набыў сілу?! На гэта прадстаўнік Генпракуратуры адказвае, што выкананне закона будзе залежаць “ад правапрымяняльнай практыкі”. А паколькі галоўныя практыкі ў дадзеным выпадку — супрацоўнікі ДАІ, то…

Пётр Кісялёў: “Думаю, што ўсё ж такі будзе каляндарны ўлічвацца”.

Безумоўна, рашэнне аб канфіскацыі аўтамабіля прымаюць не даішнікі, а суд — паводле крымінальнай справы па факце паўторнага кіравання машынай, распачатай Следчым камітэтам. Тым не менш вырашае, з якога дня пачаўся той год, цягам якога аўтамабіль можа быць канфіскаваны, менавіта ДАІ. І паводле іх матэрыялаў СК будзе распачынаць крымінальныя справы — а не дэпутаты парламенту, якія гэты закон прымалі.

Можа, трэба накіраваць ім закон на дапрацоўку? “Навошта?” здзіўляецца пытанню Пётр Кісялёў. Маўляў, усе “недарэчнасці” будуць вырашацца ў працоўным парадку.

Фота: auto.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі