Канферэнцыі ЛДПБ: сяброўкі сяброў, залатыя значкі і крытыка Майдана ды ЕС

Сярод 300 дэлегатаў з партыйнымі шалікамі на шыі і значкамі на лацканах, што з’ехаліся 15 лютага ў Мінск на святкаванне 20-годдзя партыі, сустракаліся і даволі… нязвыклыя госці. Да прыкладу, увагу прыцягвалі дзве даўганогія прыгажухі з запрашальнікамі. Няўжо і яны чальцы партыі?

Дзяўчаты: Не – мы сябры сяброў! (смяюцца)

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што партыйнай працай вы не займаецеся? А чаго сюды прыйшлі?

Дзяўчаты: Не, не займаемся. А чаго прыйшлі… Ну, паглядзець, як тут і што, сябе паказаць!

На ўваходзе дэлегатаў з рэгіёнаў сустракаў вядомы гумарыст, намеснік старшыні ЛДП па ідэалагічнай працы Яўген Крыжаноўскі. Накіроўваў на рэгістрацыю і ў гардэроб, жадаючым распавядаў байкі ды цікавосткі. Адна з іх тычылася таго, як “учора вёў вяселле і адзін з гасцей угаворваў прадаць яму партыйны значок-арла”. Еўрарадыё высветліла падрабязнасці гандлю.

Яўген Крыжаноўскі: Чалавек прапанаваў мне 50 долараў, потым 100, 200… Мы дайшлі з ім да 1 тысячы, а ён так і не зразумеў, што такія значкі не прадаюцца. Яны адзінкавыя і нават калі б ён даў мне мільён долараў, я б лепш застрэліўся. Бо аддаць гэты значок і прадаць гонар партыі…

Еўрарадыё: Далі б другі – той бяды!

Яўген Крыжаноўскі: Не далі б! Бо гэта імянныя значкі, іх увогуле больш не выпускаюць.

Далей высвятляецца, што значок у Крыжаўноўскага не проста імянны – ён залаты. Вырабіць такі каштуе 150 долараў. Права насіць залаты значок маюць усяго некалькі чалавек – за асобыя заслугі. Яшчэ некалькі дзесяткаў партыйцаў маюць срэбныя. Але галоўнае, на поўным сур’ёзе запэўнівае карэспандэнта гумарыст, гэтыя значкі – іх білет у светлае будучае. Калі парламент будзе фармавацца па партыйных спісах такі значок стане іх пропускам ва ўлады і квітком у дабрабыт.

У чаканні пачатку канферэнцыі дэлегаты частаваліся кавай ды бутэрбродамі, распавядалі адзін другому як ідуць справы ў бізнесе, пра жыццё дзяцей – практычна ніхто не казаў пра палітыку. Нягледзячы на тое, што тут былі кіраўнікі рэгіянальных суполак, кандыдаты ў мясцовыя дэпутаты. Дарэчы, самага вядома з іх, “суровага турыста” Віталя Зялкоўскага я ў залі так і не заўважыў.

Што да самой канферэнцыі, то ўвагу прыцягнулі некалькі момантаў. Найперш, склад ганаровых гасцей. Ад пачатку анансавалася, што ў Мінск прыедуць “дэлегацыі сяброўскіх партый шмат якіх замежных дзяржаў”.  Па факце ў зале прысутнічалі толькі прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі Курдыстана. Астатнія абмежаваліся віншавальнымі тэлеграмамі.

       Кіраўнік дэлегацыі Дэмакратычнай партыі Курдыстана

Абяцалі арганізатары партыйнай канферэнцыі прысутнасць замежных дыпламатаў. Яны насамрэч прысутнічалі: ад ЗША і Венгрыі да Расіі і Казахстана з Іранам. Але на сцэну не выходзілі.

Сама канферэнцыя, варта аддаць належнае арганізатарам, была не працяглай. Найбольш часу заняло ўзнагароджванне з нагоды юбілею ЛДП пэўнай часткі актывістаў і выступ старшыні партыі Сяргея Гайдукевіча.

Сярод звыклых слоў пра “самую вялікую партыйную структуру ў краіне” прагучала і некалькі цікавых заўваг. Найперш, Гайдукевіч асудзіў кіеўскі Майдан.

Сяргей Гайдукевіч: “А каму патрэбны гэты Майдан?! Колькі ў Кіеве насельніцтва? 3 мільёны 800 тысяч. Няхай 300 тысяч на Майдане – дык 3,5 мільёны чакаюць і моляцца калі гэта ўсё скончыцца! Бо трэба пенсіі атрымліваць і жыць, трэба нешта рабіць – не так пытанні вырашаюцца”.

Пакрытыкаваў Еўрасаюз за тое, што яны “лезуць” да нас са сваімі дэмакратычнымі стандартамі.

Сяргей Гайдукевіч: “Дэмакратыю неабходна ўдасканальваць пастаянна. І мы не супраць. Але ж не такім чынам, калі прыязджаюць у нашу краіну і кажуць: “Ну, калі ў вас не так, то вы не дэмакраты”.

Ненавязліва Гайдукевіч хваліцца тым, што яго прыняў новапрызначаны кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы Мітрапаліт Павел. Маўляў, той пажадаў поспехаў ЛДП, а ён пацалаваў святару руку і “адчуў сябе ў 10 разоў лепш”.

Да пачатку канферэнцыі намеснік старшыні партыі Гайдукевіч-малодшы інтрыгаваў карэспандэнта Еўрарадыё палітычнымі цікавосткамі і сюрпрызамі, якія будуць агучаныя. Але нічога сенсацыйнага так і не прагучала, калі не лічыць сенсацыяй тое, што Алега Сяргеевіча прызначылі першым намеснікам Сяргея Васільевіча. А ў адказ на пытанне: “Дзе ж абяцаныя сенсацыі?” Алег Гайдукевіч спаслаўся на скарочаную праграму. А расказаць, прызнаецца, хацеў сенсацыі такія жудасныя! Што “Гавары праўду” кажуць пра 500 кандыдатаў на мясцовых выбарах, а маюць толькі 50, што Партыя БНФ кандыдатамі выстаўляе сваякоў, бо актыву проста няма, што праймерыз АГП – “звычайны распіл грошай”, што ўсе вакол хлусяць і падманваюць апроч ЛДП.

Ну, такімі “шчыраваннямі” былы кіраўнік Фрунзенскага РУУС сталіцы і цяперашні апазіцыянер Алег Гайдукевіч журналістаў ужо не здзіўляе. А што наконт імклівага кар’ернага росту па партыйнай лесвіцы? І тут…

Алег Гайдукевіч: Я прэтэндую на лідарства ў партыі. І гэта – лагічны крок да таго, каб мне ў свой час стаць лідарам Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

Еўрарадыё: Колькі на гэтай пасадзе засталося сядзець Сяргею Васільевічу – калі вы яго ўжо “скалупнеце”?

Алег Гайдукевіч: Столькі, колькі ён сам хоча, столькі ён і будзе. На сёння для прэзідэнцкай кампаніі гэта наш самы моцны кандыдат, і таму зразумела, што Сяргей Васільевіч павінен удзельнічаць у гэтай прэзідэнцкай кампаніі. Што будзе пасля 2015 года – будзе бачна.

Тое, што Сяргей Гайдукевіч будзе вылучацца на прэзідэнцкія выбары ўжо вядома. Але ці будзе ў іх удзельнічаць?

Сяргей Гайдукевіч: Я буду не толькі ўдзельнічаць, але і перамагаць!

Еўрарадыё: Вы мне тое ж казалі і напярэдадні выбараў 2010 года, а потым зняліся…

Сяргей Гайдукевіч: Я свае 100 тысяч подпісаў сабраў, а потым ўбачыў, што за цырк будзе і зняўся.

Еўрарадые: Цалкам верагодна, што такі ж “цырк” будзе і ў 2015 годзе.

Сяргей Гайдукевіч: Я пайду да канца.

Па заканчэнні канферэнцыі дэлегатам прэзентавалі “Марш ЛДПБ” – у выкананні аўтара пад фанаграму, і прапанавалі ўсім жадаючым сфатаграфавацца на памяць з Сяргеем і Алегам Гайдукевічамі ды з любым чальцом Вышэйшага савета партыі на выбар.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі