Канцэрт па заяўках. Як працуе забарона на ўезд ва Украіну выканаўцам з РФ

Скрыншот з відэа youtube-канала Андрэя Бандарэнкі
Скрыншот з відэа youtube-канала Андрэя Бандарэнкі

Віцэ-прэм'ер Украіны па гуманітарных пытаннях Вячаслаў Кірыленка прапанаваў арганізатарам канцэртаў папярэджваць уладу аб удзеле ў іх расійскіх выканаўцаў. Канцэртнае агенцтва павінна будзе аформіць заяўку, а Служба бяспекі адказаць: дазволены або забаронены ўезд артысту ва Украіну. Закон з такімі зменамі яшчэ не прыняты, але віцэ-прэм'ер упэўнены, што падтрымку сярод дэпутатаў ён знойдзе, піша "Громадское".

 

Чаму ўзнікла ідэя закона?

 

З канца чэрвеня ва Украіну не пусцілі шэраг вядомых расійскіх выканаўцаў, у прыватнасці, вакаліста праекту "Дельфин" Андрэя Лысікава, групу "Крематорий", спевака Найка Барзова і іншых. Групе Anakondaz забаранілі ўезд ужо пасля выступу на кіеўскім фестывалі Atlas Weekend.

"Я быў у Крыме, і мяне не пусцілі ў Кіеў. Ёсць такі закон, і ён выкананы", — напісаў Андрэй Лысікаў.

Прычынай забароны на ўезд для іншых артыстаў сталі таксама выступленні ў акупаваным Крыме.

Арганізатары Atlas Weekend сутыкнуліся з цяжкасцямі. Калі аб забароне ўезду групы "Крематорий" стала вядома за два тыдні да фестывалю, то наконт Найка Барзова і "Дельфина" прыхільнікі даведаліся літаральна напярэдадні выступаў.

Фаны апошняга былі вымушаныя абмежавацца караоке-выкананнем яго песень.

Па якім прынцыпе не пускаюць?

 

Забараніць уезд могуць па некалькіх прычынах. Па-першае — наведванне акупаванага Крыма напрамую з РФ. Па-другое — наведванне раёнаў Данбаса, непадкантрольных украінскаму ўраду. Па-трэцяе — за выказванні. За першыя два пункты адказвае Дзяржпамежслужба, за трэці — Служба бяспекі. Напрыклад, вакалісту гурта Limp Bizkit забаранілі ўезд ва Украіну менавіта з-за яго слоў пра тое, што хацеў бы пераехаць у Крым і стаць "часткай вялікага будучага Крыма і Расіі".

 

Ці ёсць спісы артыстаў, якім забаронены ўезд ва Украіну?

 

Усеабдымнага спісу няма. Ёсць так званы "чорны спіс" Міністэрства культуры. СБУ заяўляла, што з пачатку расійскай агрэсіі ва Украіну забаронены ўезд 140 артыстам, але спіс не апублікавала.

Памежслужба вясной гэтага года на сваім сайце запусціла секцыю "стоп-ліст". Туды кожны можа ўвесці інфармацыю пра людзей, якія наведалі Крым, парушыўшы ўкраінскія законы (гаворка не толькі пра артыстаў).

Па словах Алега Слабадзяна, цяпер у поле зроку памежслужбы знаходзіцца больш за васемсот замежнікаў у тым ліку і расіян, якія незаконна наведвалі Крым.

"Не гатовы адказаць у колькасным паказчыку, колькі менавіта з іх расійскія артысты, але дазволю сабе выказаць здагадку, што дастаткова шмат, таму што расійскія артысты ледзь не ў абавязковым парадку вымушаныя ездзіць туды (у Крым — Громадское) і часам нават супраць сваёй волі".

 

Як адбываецца забарона?

 

У дачыненні да адных артыстаў у памежслужбы ёсць папярэдняя інфармацыя аб парушэнні ўкраінскага заканадаўства, у дачыненнi да iншых — не.

"Пра "Дэльфін" мы ведалі, таму яму адразу пры ўездзе на тэрыторыю Украіны было адмоўлена ў перасячэнні мяжы і забаронены ўезд на тры гады. Што тычыцца членаў групы Anakondaz, то ў дачыненні да іх у нас не было дакладнай інфармацыі пра наведванне акупаванага Крыма. Але пасля таго, як яны ўжо тут у Кіеве публічна гэта прызналі, гэта стала падставай для таго, каб мы дадаткова з імі паразмаўлялі падчас выезду з Украіны і ўжо на падставе новай атрыманай інфармацыі забаранілі ўезд на тры гады", — кажа Слабадзян.

Падчас перасячэння мяжы памежслужба можа запрасіць чалавека для дадатковай гутаркі, каб высветліць мэта паездкі ці, напрыклад, пераканацца ў сапраўднасці дакументаў.

"Падчас гутаркі размаўляем ужо на тую тэму, якая нас цікавіць. У дадзеным выпадку — гэта наведванне акупаванага Крыму", — тлумачыць Слабадзян.

"У большасці выпадкаў іншаземец або, напрыклад, калі казаць ужо больш канкрэтна, зорка расійскай эстрады — бясспрэчныя факты цяжка аспрэчыць — пагаджаецца і прызнае, што наведваў акупаваны Крым".

 

Якімі павінны быць доказы?

 

Гэта любая інфармацыя, якая можа пацвярджаць знаходжанне артыста ў Крыме: афішы, відэаматэрыялы, фотаматэрыялы, публікацыі на асабістых старонках у сацсетках. Але, як кажуць у памежслужбе, гэта толькі дадатковая інфармацыя, якая дапамагае прыняць рашэнне.

Аднак, напрыклад, у выпадку з забаронай Юліі Самойлавай удзельнічаць у Еўрабачанні вялікую ролю адыгралі паведамленні ў сацсетках.

Пры забароне ўезду ва Украіну актрысе Алене Варабей, па яе ж словах, памежнікі таксама абапіраліся на інфармацыю з Інтэрнэту.

 

Як было і як прапануе ўлада?

 

"На жаль, чамусьці арганізатары канцэртаў не лічаць патрэбным удакладняць у нас ці ў Службе бяспекі Украіны такія моманты (дазвол на ўезд артыста — Громадское). Гэта іх права размаўляць з гэтай нагоды ці не размаўляць, але ў далейшым гэта, вядома, дапамагло б ім пазбегнуць цэлага шэрагу праблем, звязаных з арганізацыяй канцэртаў", — кажа Алег Слабадзян.

Віцэ-прэм'ер Кірыленка згодны з тым, што праваахоўнікі павінны мець інфармацыю загадзя.

Па словах кіраўніка кампаніі concert.ua Дзмітрыя Феліксава, раней не было выразных правіл, якія б рэгулявалі "што можна і што нельга".

"У нас няма часу адсочваць, куды дзьме палітычны вецер", — кажа Дзмітрый Фелікс.

Арганізатары яшчэ аднаго ўкраінскага фестывалю Koktebel Jazz Fest, які пасля анэксіі Крыма праходзіць на мацерыковай частцы Украіны, прынялі рашэнне не выпрабоўваць лёс і не запрашаць расійскіх выканаўцаў.

"Мы для сябе ўбачылі шмат прыгожай, яркай музыкі на тэрыторыі Украіны, у Беларусі, Польшчы, Славакіі, Малдове, Чэхіі, Нідэрландах. Я не асуджаю і не заклікаю да таго, што нельга слухаць рускую музыку. Мы для сябе вырашылі, што лепш не будзем наогул узгадняць ні з Міністэрствам культуры, ні з СБУ, ні з кім", — кажа дырэктар фестывалю Лілія Млынарыч.

 

Як можа быць?

 

"Я вельмі баюся таго, што калі ты за месяц падаеш заяўку, напрыклад 1-га ліпеня паведамляеш, а выступ 1-га жніўня і табе адказваюць 31-га ліпеня "не". То вядома, у арганізатараў пачынаецца дзікі галаўны боль", — кажа Лілія Млынарыч.

У прапанове Кірыленкі арганізатараў канцэртаў больш за ўсё турбуе менавіта тое, што адмова на ўдзел таго ці іншага артыста можа прыходзіць занадта позна.

"Як гэта можа адбывацца, можа ўявіць, напэўна, толькі СБУ, — абураецца Млынарыч. — Я не здзіўлюся, калі спатрэбіцца даведка, што ў цябе няма расійскіх музыкаў", — жартуе яна. Але пры гэтым удакладняе, што арганізатарам неабходна памятаць аб адмысловым рэжыме.

"Трэба ўсталяваць правілы раз і назаўсёды і да гэтай тэмы больш не вяртацца, — лічыць Дзмітрый Фелікс. — Цалкам нармальна, што краіна абараняе свае палітычныя, эканамічныя, фінансавыя інтарэсы. Калі яна лічыць, што нейкай катэгорыі грамадзян нельга перасякаць ўкраінскую мяжу, мы верагодна павінны з гэтым пагадзіцца. Але заканадаўцы павінны задаволіць грамадскія слуханні, пагаварыць з людзьмі. Закон павінен быць прыняты з улікам інтарэсаў галіны".

 

 Яўген Савацееў, "Громадское"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі