Вы тут

Кампаніі затрыманага бізнесмена Кныровіча пагражае банкруцтва

Аляксандр Кныровіч. Фота: TUT.by

Супраць ТАА “СарматТэрма-Інжынірынг” Аляксандра Кныровіча распачатая справа аб эканамічнай неплацежаздольнасці. Інфармацыю пра гэта Еўрарадыё пацвердзіў бацька затрыманага бізнесмена Станіслаў Кныровіч:

“Мы падышлі да пэўнага крытычнага моманту. Усё мусіць вырашыцца цягам двух месяцаў. Гаворка пра тое, што адзін з пастаўшчыкоў не пайшоў на растэрміноўку плацяжоў.

Цяпер СТІ [“СарматТэрма-Інжынірынг”. — Еўрарадыё] працуе, што называецца, “з колаў”. Ёсць замова — заказчык пераводзіць грошы, 100%-ю перадаплату. Тады мы набываем матэрыялы і вырабляем трубы. Раней нам давалі адтэрміноўкі — 30 дзён, 45 дзён. У залежнасці ад абароту. Але сёння ніхто па такой схеме не працуе. І вось, утварылася прынцыповая сітуацыя, па якой мы не можам дамовіцца”.

“Я б не сказаў, што яны такія ўжо банкруты”

Да 20 сакавіка на прадпрыемстве абвешчаны так званы “ахоўны перыяд”. Простымі словамі, гэта час на дасудовае фінансавае аздараўленне кампаніі. Падчас ахоўнага перыяду не адбываецца спагнанне маёмасці даўжніка на карысць крэдытораў. А калі ахоўны перыяд завяршаецца, рашэнне пра далейшы лёс кампаніі прымае суд.

Па словах Андрэя Дзегцярова, прызначанага на “СарматТэрма-Інжынірынг” антыкрызісным кіраўніком, “у іх не так усё страшна, як здавалася б, і ёсць перспектыва санацыі”:

“Праблема ў тым, што ёсць шэраг пазык, ужо спагнаных судом. Найбольш актыўныя крэдыторы ўжываюць больш жорсткія меры ўздзеяння. Але, як я мяркую, калі б ім [“СарматТэрма-Інжынірынг”. — Еўрарадыё] даць крыху больш часу, яны б змаглі разлічыцца без працэдуры банкруцтва. Я быў у іх на вытворчасці. Усё чыста, акуратна, ёсць заказы, праца. Я б не сказаў, што яны такія ўжо банкруты. Тым больш, што асноўная сума пазыкі ў іх перад прадпрыемствамі таго ж заснавальніка. То бок, гэта адна кішэня”.

Па звестках Міністэрства юстыцыі, на гэты момант у працы ў судовых выканаўцаў знаходзіцца 38 вытворчасцяў па пазыках “Сармат-Тэрма-Інжынірынг”. Агульная сума пазыкі складае 2,6 млн беларускіх рублёў і 10,5 млн расійскіх рублёў.

Хто падаў у суд на кампанію Кныровіча?

Прынцыповым крэдыторам, з якім не можа разлічыцца “СарматТэрма-Інжынірынг”, выступае ТАА “Кентаўр-Энерга”. Там Еўрарадыё адмовіліся абазначыць памер пазыкі, пра якую ідзе гаворка. Маўляў, публікацыя сумы можа нанесці шкоду іх дзелавой рэпутацыі.

Андрэй Дзегцяроў кажа, што ужо цяпер ёсць даволі шмат крэдытораў, якія маюць прававыя падставы, каб ініцыяваць ахоўны перыяд у дачыненні да прадпрыемства Аляксандра Кныровіча. Што да “Кентаўр-Энерга”, дык кампанія тройчы падавала заяву ў суд, і толькі з трэцяга разу быў прызначаны антыкрызісны кіраўнік.

“У крэдытора, які ініцыяваў працэдуру банкруцтва, сума не такая і вялікая. Але, каб сёння свайго даўжніка адправіць на банкруцтва, дастаткова запазычанасці крыху больш за 1 тысячу долараў і трох месяцаў знаходжання выканаўчага аркуша на прымусовым выкананні. То бок, трэба атрымаць судовае рашэнне, пачакаць месяцы чатыры, і пры наяўнасці запазычанасці звыш 2450 рублёў (100 базавых велічынь) можна падаваць. Сёння гэта ўсё робіцца вельмі проста”, — працягвае Андрэй Дзегцяроў.

“Такой мэты — ліквідаваць "Сармат" — няма”

Аляксандр Кныровіч ужо больш за год — з 25 студзеня 2017-га — знаходзіцца ў СІЗА. Яму прад’яўленае абвінавачанне ў ухіленні ад выплаты падаткаў, а яго падначаленым — па шэрагу карупцыйных артыкулаў. Па версіі следства, супрацоўнікі “Сармата” давалі хабары чыноўнікам з сістэмы ЖКГ, каб выйграваць тэндары на пастаўку будаўнічых матэрыялаў.

У адсутнасць бізнесоўцы групай кампаній “Сармат” кіруе 69-гадовы Станіслаў Кныровіч.

“СарматТэрма-Інжынірынг” — ужо другая за месяц кампанія Аляксандра Кныровіча, якой пагражае банкруцтва. З 18 студзеня у вытворчасці Эканамічнага суда Мінскай вобласці знаходзіцца справа ТАА “Копыльская вытворчасць будаўнічых сістэм”, якое ўваходзіць у групу кампаній “Сармат”. Суд па гэтай справе пачнецца 26 лютага.