Камітэт міністраў Савета Еўропы вітае павышэнне ўзроўню дыялогу з Беларуссю

Камітэт міністраў Савета Еўропы вітае павышэнне ўзроўню дыялогу з Беларуссю

На сваім пасяджэнні 29 лістапада Камітэт міністраў Савета Еўропы разгледзеў рэкамендацыю Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы "Аб становішчы ў Беларусі" ад 27 чэрвеня 2017 года. Пасля гэтага Камітэт міністраў прыняў афіцыйны дакумент у якасці адказу на гэтую рэкамендацыю ПАСЕ.

Як гаворыцца ў ім, Камітэт вітае павышэнне ўзроўню дыялогу Беларусі з Саветам Еўропы ў апошнія гады. Стратэгічнай задачай гэтага дыялогу называецца інтэграцыя Беларусі ў Савет Еўропы на аснове каштоўнасцяў і прынцыпаў гэтай арганізацыі.

Камітэт зноў заклікае беларускія ўлады адмяніць смяротнае пакаранне і змякчыць смяротныя прысуды. "Камітэт міністраў зноў звяртаецца да Беларусі з заклікам неадкладна ўсталяваць афіцыйны мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яе адмены", — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Традыцыйна Камітэт міністраў звяртаецца да афіцыйнага Мінска з заклікам выконваць міжнародныя абавязанні ў галіне правоў чалавека — "у прыватнасці, у дачыненні да свабоды выказвання меркаванняў, свабоды сходаў, права на свабоду і бяспеку, а таксама права на справядлівае судовае разбіральніцтва". Камітэт міністраў заклапочаны сёлетнімі арыштамі прадстаўнікоў беларускіх прафсаюзаў і абяцае ўважліва сачыць за гэтай сітуацыяй. Для далейшай дэмакратызацыі краіны Камітэт міністраў прапаноўвае беларускім уладам развіваць канструктыўны палітычны дыялог з усімі нацыянальнымі ўдзельнікамі, у тым ліку з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі.

Камітэт міністраў падкрэслівае, што гатовы дапамагчы Беларусі ў тым, каб прывесці яе заканадаўства ў адпаведнасць са стандартамі Савета Еўропы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі