Камісія з Мінска ездзіла ў Столін, дзе ў бальніцы пасля ўколу памерла жанчына

Камісія з Мінска ездзіла ў Столін, дзе ў бальніцы пасля ўколу памерла жанчына

Камісія з Мінска ездзіла ў Столін, дзе ў раённай бальніцы пасля ўколу памерла жанчына. Міністэрства аховы здароўя праводзіць праверку па факце смерці пацыенткі. Як вынікі стануць вядомыя пазней, інфармуе БЕЛТА.

45-гадовай Сняжане Шпакоўскай зрабілі маленькую гінекалагічную аперацыю, якая прайшла добра. Увечары ў пятніцу яна патэлефанавала дачцы ў Маскву і сказала, што ідзе на ўкол. Як інфармуе сайт nn.by, пасля ўколу жанчыне стала кепска: яна задыхалася, закрычала і пачала клікаць на дапамогу. Яе завезлі ў рэанімацыю, лекары ратавалі жанчыну ўсю ноч. Шпакоўская трапіла ў кому, з якой так і не выйшла — памерла раніцай 19 траўня.

Вядома, што Сняжане Шпакоўскай калолі цэфтрыяксон. Гэта антыбіётык, які выкарыстоўваецца пасля аперацый для прафілактыкі інфекцый. Магчыма, што жанчына памерла ў выніку рэакцыі арганізму на ўвядзенне цэфтрыяксону.

Міністэрства аховы здароўя выказвае спачуванні сям'і памерлай. У Шпакоўскай засталіся трое дарослых дзяцей і шасцёра ўнукаў. Жанчыну пахавалі 21 траўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі