Вы тут

Камісар СЕ заклікае Літву захоўваць правы чалавека падчас крызісу з мігрантамі

Літоўскія памежнікі на мяжы з Беларуссю / Reuters

Ва ўмовах міграцыйнага крызісу Літва не павінна забываць пра захаванне правоў чалавека. З такім заклікам камісар Савета Еўропы па правах чалавека Дуня Міятавіч звярнулася да прэм'ер-міністра Літвы Інгрыдэ Шыманітэ, піша delfi.lt.

"Вельмі важна, каб чальцы Савета Еўропы, сутыкаючыся з міграцыйнымі выклікамі, выконвалі стандарты, прадугледжаныя ў Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека і ў Канвенцыі аб уцекачах 1951 года, а таксама ў іншых асноўных юрыдычных дакументах", — падкрэсліла Міятавіч.

Таксама яна звярнула ўвагу, што ўмовы, у якіх размяшчаюцца  мігранты, могуць быць прыроўненыя да знаходжання пад вартай. Акрамя таго, Міятавіч зазначыла: аўтаматычны разварот мігрантаў на мяжы не дазваляе высветліць, ці не пагражае ім небяспека. 

У сваім адказе прэм'ер Літвы заявіла, што мігранты, якія ідуць з тэрыторыі Беларусі, з цяжкасцю трапляюць пад вызначэнне бежанцаў. 

Разам з тым Літва паважае іх правы і стараецца справіцца з міграцыйным крызісам як мага лепш. "Ні адно з правоў чалавека не можа стаць менш важным, чым палітычныя ці геапалітычныя ацэнкі", — падкрэсліла Шыманітэ. 

Па яе словах, ва ўразлівых груп насельніцтва застаецца магчымасць прасіць прытулак у Літве пры нелегальным перасячэнні мяжы. 

Таксама Шыманітэ дадала, што Літва будзе ўдзячная за дапамогу ў развязанні міграцыйнай праблемы, з якой яна сутыкнулася сёлета.

Як паведамлялася раней, на тэрыторыю краіны з Беларусі прыйшло больш за 4000 нелегальных мігрантаў, пераважна грамадзян Ірака. У Літве гэтую незаконную міграцыю лічаць гібрыднай агрэсіяй з боку беларускага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.