Вы тут

Калі Расія нападзе на Украіну, "Паўночны паток" запушчаны не будзе — ЗША

Расія заявіла пра гатоўнасць "Паўночнага патоку-2" да запуску яшчэ ў канцы снежня 2021 года / Reuters

ЗША сумесна з Германіяй папярэдзілі Расію, што ў выпадку нападу на Украіну газаправод "Паўночны паток - 2" запушчаны не будзе.

"Калі Расія тым ці іншым чынам нападзе на Украіну, "Паўночны паток - 2" не зрушыцца з месца",цытуе намесніка дзяржсакратара Злучаных Штатаў па палітычных пытаннях Вікторыю Нуланд Deutsche Welle.

Падчас брыфінгу журналіст Associated Press Мэцью Лі заўважыў, што расійскі трубаправод "гатовы, ён можа пампаваць што заўгодна — газ, аліўкавы алей, ваду ці гарэлку".

"Гарэлка — гэта было б добра!", — адрэагавала на яго рэпліку Нуланд. Тым не менш, Вашынгтон, па яе словах, разам з Берлінам працягне "разам працаваць над тым, каб гэты праект не быў рэалізаваны". Нуланд распавяла, што існуе дамоўленасць. У ёй прадугледжаны пэўныя крокі з боку Германіі. Гэтыя меры здольныя "гарантаваць, што Расія не зможа выкарыстаць ніякі трубаправод, у тым ліку "Паўночны паток - 2", для дасягнення агрэсіўных палітычных мэтаў, не зможа выкарыстаць энергію ў якасці зброі".

7 лютага ў ЗША чакаюць канцлера ФРГ Олафа Шольца. Запланаваныя яго перамовы з амерыканскім прэзідэнтам Джо Байдэнам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.