Вы тут

Качанава: адпушчана больш за 1000 чалавек з раней затрыманых

Акрэсціна ў Мінску / Еўрарадыё

Увечары 13 жніўня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" выступіла з заявай старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Паводле яе слоў, "прэзідэнт пачуў меркаванне працоўных калектываў і даручыў разабрацца па ўсіх фактах затрыманняў, якія адбыліся ў апошнія дні". Мабыць, маюцца на ўвазе выступы рабочых на прадпрыемствах краіны, якія адбыліся 13 жніўня. Яны прыгразілі забастоўкамі, патрабавалі спынення гвалту сілавікоў, вызвалення затрыманых і сумленных выбараў.

"Цяпер ідзе інтэнсіўная праца ў гэтым кірунку, ужо на вечар сённяшняга дня выпушчаныя больш за тысячу чалавек [з ліку затрыманых] пад абавязацельства аб няўдзеле ў несанкцыянаваных мерапрыемствах. — дакладвае Качанава. — А непаўналетнія — перададзены бацькам пад распіску".

Пры гэтым старшыня Савета Рэспублікі заявіла, што "народ зрабіў свой выбар" [на прэзідэнцкіх выбарах]! І пасля гэтага адбылася "беспрэцэдэнтая спроба разбурыць... мірнае жыццё і падзяліць грамадства".

Наталля Качанава заклікае спыніць "самазнішчэнне". Яна заяўляе, што "нам трэба захаваць мір і спакой", таму ўсім трэба "спыніцца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.