Інвалід II групы Гундар трымае галадоўку, на судзе ён у клетцы ў адных майтках

Фігурант "справы Аўтуховіча" баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар працягвае трымаць галадоўку, кажуць праваабаронцы. Гундару 61 год, ён інвалід II групы.

Гундар абвясціў галадоўку 29 чэрвеня. Адна з прычын — прымус распранацца перад судовым працэсам. Адзенне фігурантаў справы перад судом прымусова прасвечваюць рэнтгенам. Вязень лічыць, што апранаць яго пасля гэтага небяспечна.

Гундар правёў 10 сутак у карцары. На працягу ўсяго гэтага тэрміну вязню ставілі ўколы, бо ён адчуваў моцны боль у спіне. Гундар абяцаў спыніць галадоўку толькі пасля выхаду з карцара. Яшчэ на мінулым тыдні жонка Уладзіміра Гундара — Алена — распавядала, якім пабачыла мужа падчас судовага паседжання.

"Валодзя становіцца шэры. Вельмі схуднеў", — казала жанчына.

Цяпер Гундар пагадзіўся піць ваду, але працягвае трымаць галадоўку. Ён як і раней адмаўляецца апранаць адзенне пасля таго, як яго прасвяцілі рэнтгенам, таму 11 ліпеня ён ужо другі раз стаяў у клетцы ў адных майтках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.