Іх норавы: эканомія вады і святла ў Еўропе, 8 гадоў турмы для Шакіры

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У беларускім інфармацыйным полі працягваецца крытыка дэмакратычных сіл, у інфаполі найбліжэйшых суседзяў — вайна, а што там у далёкім замежжы? Шакіру, напрыклад, захацелі пасадзіць у турму за нявыплату падаткаў. На Еўрарадыё традыцыйны агляд сусветных навін за тыдзень.

Усе гэтыя навіны ў адным месцы можна прачытаць толькі на Еўрарадыё. Няма часу чытаць? Слухайце нас на любой зручнай платформе.

У Францыі паліцыя пачала лавіць жыхароў, якія паліваюць свае лужкі

Праз моцную засуху эка-паліцыя пачала сачыць за выкананнем абмежаванняў выкарыстання вады, якія раней увялі ў 90 дэпартаментах краіны. Цяпер паліцэйскія пачалі адлоўліваць мясцовых жыхароў, якія паліваюць свае лужкі, паведаміла BFM. Пакуль іх не штрафуюць, але выдаюць аднаразовае папярэджанне — потым пратакол і штраф.

У публікацыі французскага выдання гаворыцца, што праваахоўнікі зрабілі заўвагу ўладальніку гольф-клуба, а ў дэпартаменце Нор выявілі штучны вадаём, у які вада цячэ з ракі, — гэта таксама забаронена ў перыяд засухі.

У Францыі цяпер дзейнічае забарона на паліў у дзённы час садоў і газонаў. А насельніцтва заклікалі эканоміць ваду і не заліваць басейны.
 

Шакіра можа трапіць у турму за нявыплату падаткаў

Іспанская пракуратура запатрабавала для спявачкі больш за восем гадоў турмы і штраф на суму больш за 23 мільёны еўра. Гэта даўні пазоў, які цягнецца з 2018 года.

Па словах абвінавачання, спявачка не заплаціла прыкладна 15 мільёнаў долараў падаткаў за 2011–2014 гады. У выніку судовага разбору артыстка выплаціла падаткі, але пазней падала апеляцыю, аднак іспанскі суд адхіліў яе.

Цяпер зорцы пагражае штраф і турэмны тэрмін. Пракуроры прапанавалі пазбегнуць суда і абысціся штрафам, але Шакіра адмовілася ад здзелкі.

Новых каментароў з гэтай нагоды спявачка і яе адвакаты не далі. Раней іх аргументамі быў факт, што Шакіра ў гэты час жыла не ў Іспаніі, а яе афіцыйная рэзідэнцыя была размешчана на Багамах, але іспанскім праваахоўнікам удалося даказаць адваротнае.
 

У Германіі выпусцілі кнігу з усімі заблакаванымі сайтамі ў Расіі

Кніга пад назвай "Увесь зацэнзураваны інтэрнэт" складаецца са спіса больш чым 400 тысяч даменных імёнаў, заблакаваных у Расіі. Яе зрабілі на заказ берлінскай арт-школы і прадставілі на чэрвеньскай выставе.

Их нравы: экономия воды и света в Европе, 8 лет тюрьмы для Шакиры

Аўтарам стаў спецыяліст па кібербяспецы. Ён адзначыў, што "ў часы вайны, палітычных беспарадкаў і сацыяльных праблем блакаванне інтэрнэту становіцца неацэннай зброяй у руках аўтарытарных лідараў".

Як пішуць расійскія СМІ, колькасць сайтаў у кнізе, мяркуючы па ўсім, крыху разыходзіцца з актуальнай інфармацыяй. Па звестках "Роскомсвободы", на бягучы момант у Расіі заблакаваныя больш за 600 тысяч сайтаў.

У зоне, дзе выстаўлены экспанат, ловіць асобная Wi-Fi-сетка, пры падключэнні да якой немагчыма зайсці на заблакаваныя ў Расіі рэсурсы.
 

Sprite адмовіцца ад зялёных бутэлек дзеля экалогіі

З 1 жніўня кампанія Coca-Cola цалкам адмовіцца ад выкарыстання зялёнага пластыку ў вытворчасці бутэлек для напою Sprite і заменіць яго на празрысты ў рамках новай экалагічнай палітыкі. Пра гэта паведамляе CNN Business са спасылкай на заяву кампаніі.

Цяпер кампанія ўпершыню з 1961 года будзе выкарыстоўваць празрысты пластык — яго можна цалкам перапрацаваць.

Их нравы: экономия воды и света в Европе, 8 лет тюрьмы для Шакиры
Sprite / Unsplash

"Адмова ад фарбавальнікаў у бутэльках паляпшае якасць перапрацаванага матэрыялу. Празрыстую тару можна перапрацаваць у новыя бутэлькі, што забяспечвае замкнёны цыкл выкарыстання пластыку ПЭТ", — сказаў Джуліян Ачоа, кіраўнік кампаніі R3CYCLE, якая займаецца ўтылізацыяй пластыку.

Coca-Cola часта зазнае крытыку за негатыўны ўплыў на экалогію. У 2020 годзе арганізацыя Break Free From Plastic назвала кампанію сусветным лідарам у забруджванні планеты пластыкам: лагатыпы і брэндынг газіроўкі знайшлі на 13 834 фрагментах выкінутага пластыку ў 51 краіне, у асноўным у грамадскіх месцах накшталт паркаў і пляжаў.
 

У ЗША пачалі выпускаць ядомы посуд

Новы эка-трэнд: закусіць лыжкай, відэльцам, талеркай або саломінкай. Цяпер сталовыя прыборы, якія раней лічыліся аднаразовымі, у ЗША сталі рабіць з пшаніцы, кукурузы, рысу, нуту і аўса.

Заснавальнік Incredible Eats, адной з кампаній, якая пачала займацца масавай вытворчасцю ядомых талерак, заявіў, што яны маюць намер карэнным чынам змяніць падыход да ўжывання ежы. Incredible Eats тройчы пераглядала рэцэптуру, каб сталовыя прыборы сталі смачнейшыя. Салёныя варыянты падобныя да грэнак або крекераў, а салодкія — да вафельных ражкоў або печыва з прадказаннямі.

Яны чэрпалі натхненне з падобных прадуктаў, якія ўжо існуюць. Напрыклад, кава Lavazza у ЗША падаецца ў ядомых кубках. Або ў яшчэ аднаго праекта, які працуе над "ядомым" посудам, — Biotrem.

Их нравы: экономия воды и света в Европе, 8 лет тюрьмы для Шакиры
Ядомая лыжка / Incredible Eats

Стартап выпускае лінейку талерак, місак і сталовых прыбораў з пшанічнага вотруб'я. Посуд бяспечны для разагрэву ў мікрахвалёўцы, не змяшчае штучных інгрэдыентаў і падыходзіць як для гарачых, так і для халодных страў.

З асноўных мінусаў такога посуду — ён раствараецца або становіцца занадта мяккім пасля доўгага кантакту з ежай або напоямі, відэльцы і нажы дрэнна рэжуць, а некаторыя спажыўцы не лічаць яго досыць ядомым для ўжывання ў ежу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі