Хто насамрэч будзе кіраваць Расіяй – Пуцін альбо Мядзведзеў?

Уступленне Дзмітрыя Мядзведзева на пасаду прэзiдэнта Расii не пакінула абыякавымі беларускія СМІ. Журналісты па інерцыі працягваюць іранізаваць над суседзямі. Але дзеючага прэзідэнта “медведам” больш не называюць. Дый іронія іх становіцца ўсё больш сумнай.
Ці не асноўнае пытанне, якое гучыць на старонках газет сёння – хто ж цяпер у Крамлі галоўны? Пуцін альбо Мядзведзеў... З гэтай нагоды, у новага прэзідэнта Расіі з’явіліся і новыя мянушкі: напрыклад, дзвюхгаловы "Пуцьведзеў". Яго называюць “англійскай каралевай”. І нават параўноўваюць з Колем, найменшым сынам Лукашэнкі.

“Беларусь са з’яўленнем найменшага сына Лукашэнкі і Расея са з’яўленнем найлепшага сябра Пуціна — з’явы аднаго кшталту. У падмурку іх — поўная і канчатковая перамога над мараллю, дасягнутая пад кіраўніцтвам галоўнакамандуючых абедзвюх дзяржаў”, - піша Уладзімір Някляеў на сайце “Нашай Нівы”.

“Советская Белоруссия” піша пра асноўную місію расійскага прэзідэнта, у якой барацьба з карупцыяй выходзіць на першы план:

“Галоўная задача Мядзведзева цяпер, і ў гэтым меркаванні сыходзяцца як расійскія, так і заходнія аналітыкі, - паказаць, што палітычны курс застаецца ранейшым. Расія, як прызнаў сам Дзмітрый Мядзведзеў, павінна справіцца з высокім узроўнем інфляцыі, сацыяльнай няроўнасці і зашкальваючай карупцыяй...”

А вось Уладзімір Някляеў у сваім артыкуле ў “Нашай Ніве” сам факт таго, што Мядзведзеў стаў такі прэзідэнтам Расіі, называе дэманстрацыяй карупцыі на самым высокім узроўні. І праводзіць аналогію з беларускай рэчаіснасцю:

“Ракіроўка Пуцін — Мядзведзеў — гэта не толькі дэманстрацыя карупцыі на самай вяршыні ўлады. Гэта сведчанне поўнай перамогі амаральнасці над мараллю, бо ў «войску», з якім рухаўся Пуцін да сваёй «перамогі», было і расійскае чыноўніцтва, і духавенства, увесь сённяшні расійскі істэблішмент.

Магчымая ракіроўка Лукашэнка бацька — Лукашэнка сын — гэта дэманстрацыя нават яшчэ большай карупцыі: аж да ўсталявання ўлады дынастычнай”.

Пытанне, хто насамрэч будзе кіраваць Расіяй – Пуцін альбо Мядзведзеў цікавіць і радыё “Свабода”. Яно прыводзіць словы эксперта маскоўскай філіі даследчага цэнтра Heritage Foundation Яўгена Воўка, які мяркуе, што ўлада і пасля заўтрашняга дня застанецца ў руках Пуціна:

“Я мяркую, што немагчыма гаварыць аб рэальнай перадачы ўлады. Уся структура ўлады, якая сфармавалася пры Пуціне, фактычна застаецца, больш таго, Пуцін зрабіў усё магчымае, каб у новай якасці прэм'ер-міністра захаваць тыя паўнамоцтвы, якія раней меў прэзідэнт”.

Узгадвае “Свабода” і першыя дні прэзідэнцтва ўжо былога расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна. Пасля прыходу да ўлады самога Пуціна многія СМІ і эксперты ўпарта лічылі яго паслухмянай марыянеткай ельцынскай палітычнай “сям'і”. Гэтыя глыбакадумныя развагі цалкам зніклі тады ўжо праз паўгода, разважае на “Свабодзе” Аляксей Малашэнка з маскоўскага цэнтра Карнегі:

“Я мяркую, што Пуцін будзе выконваць дзве ролі – прэм'ер-міністра і рэальнага прэзідэнта. Але я не думаю, што Мядзведзеў змірыцца з сітуацыяй, якая ёсць на гэты момант. Не выключана, што ён запросіць у сваю каманду новых людзей, больш ліберальных, чым людзі з каманды Пуціна. Гэта магчыма”.

Што будзе далей, цяпер ніхто дакладна сказаць не можа, але тым не менш гаворкі пра двоеўладдзе не сціхаюць. Сваімі назіраннямі дзеліцца блогер palitekanom:

“Заўважыў такую рэч. Калі пра святога Пуціна нешта кажуць на расійскім тэлебачанні, дык яго найчасцей называюць "прэм'ер". Без прыдомка “міністр". Вось так і ідуць яны з “Медведам” поруч у блоках навінаў якой-небудзь праграмы "Время" - прэм'ер Пуцін і прэзідэнт Мядзведзеў. І хто ў такім разе больш галоўны? Стары "першы" ці новы "старшыня"?”

І толькі прэзідэнт Беларусі Лукашэнка застаецца заўжды спакойным. “Што тычыцца звязкі "Пуцін - Мядзведзеў", гэта іх, расійскія праблемы”, - кажа беларускі лідэр у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “Рэйтар”. А прэзідэнта Мядзведзева ён называе сябрам, кажа, што колькі яны не сустракаліся, ніякіх праблемаў не ўзнікала. “Мы сябры, і гэтым усё сказана”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі