Грызлоў: падчас візіту ў Беларусь Пушыліна ахоўвала служба бяспекі Лукашэнкі

На сёння ў Беларусі больш за 100 тысяч расіян маюць від на жыхарства. Такую лічбу назваў амбасадар Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў у інтэрв'ю выданню "Петербургский дневник".

Дыпламат заявіў, што абавязаны аказваць дапамогу гэтым расіянам. Пасаду амбасадара ў Беларусі ён назваў палітычнай.

"Па-першае, праз тое, што пабудова Саюзнай дзяржавы — гэта наш стратэгічны вектар, які сёння трэба забяспечваць дыпламатычнымі сродкамі. Па-другое, у рамках спецыяльнай ваеннай аперацыі (так у Расіі афіцыйна называюць вайну супраць Украіны. — Еўрарадыё.) Беларусь адыгрывае досыць сур'ёзную ролю: бо ў нас адзіная сістэма СПА і ажыццяўляецца агульнае патруляванне межаў Саюзнай дзяржавы, уключаючы яе заходнюю частку", — заявіў Грызлоў.

Як прыклад сваёй палітычнай працы ён згадаў візіт у Брэст кіраўніка так званай "ДНР" Дзяніса Пушыліна. Як распавядала Еўрарадыё, Пушылін напрыканцы ліпеня наведаў Брэст і разм з Грызловым усклаў вянок у Брэсцкай крэпасці.

"Лідару ДНР у Беларусі былі забяспечаныя сур'ёзныя меры бяспекі: яму быў прадастаўлены браніраваны аўтамабіль, а служба бяспекі прэзідэнта Лукашэнкі ўзяла яго пад сваю ахову адразу ў аэрапорце Мінска і ўвесь час суправаджала па тэрыторыі краіны", — падзяліўся падрабязнасцямі расійскі амбасадар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.