Гродзенскія мытнікі: лекі з псіхатропамі часцей за ўсё правозяць ненаўмысна

Гродзенскія мытнікі: лекі з псіхатропамі часцей за ўсё правозяць ненаўмысна

Ад пачатку года Гродзенская рэгіянальная мытня зарэгістравала 70 выпадкаў перамяшчэння праз мяжу лекавых сродкаў, у складзе якіх ёсць псіхатропныя ці наркатычныя рэчывы. Столькі ж выпадкаў было за ўвесь мінулы год. У пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсараў, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю і дэклараванню пры перасячэнні мяжы, уваходзяць барбітал, бромазепам, дыязепам, кадэін, марфін, трамадол, эфедрон.

Пераважная колькасць парушальнікаў — замежныя грамадзяне. З іх 30% літоўцы, 13% — расіяне, 10% — палякі і 21% — грамадзяне іншых краінаў. Беларусы складаюць 26% ад агульнай колькасці.

Звычайна такія правапарушэнні з’яўляюцца ненаўмыснымі. Грамадзяне па няўважлівасці або па няведанні правозяць лекі без дэкларавання і без адпаведных дакументаў, што не вызваляе іх ад адказнасці.

Сярод канфіскаваных лекавых прэпаратаў з наркатычнымі сродкамі і псіхатропамі, сустракаюцца такія: “Theraflu” (“ND”, “NТ”, “SN”), “Tylol Hot”, “Xanax”, “Lexotanil”, “Stilnox”, “Rinasek”, “Skudexa”, “Claritine”, “Zaldiar”, “Tramal”, “Valium Diazepam”, “Contramal”, “Estazolam TZF”, “Solpadeine Max”, “Relanium”, “Lorazepam”, “Феназепам”, “Трамадол-ГР”, “Bromazepam Lannacher”, “Defrinol Forte”, “Iporel”.

Беларусам рэкамендуюць пераканацца, што набыты за мяжой лекавы сродак не ўтрымлівае ў сваім складзе наркотыкі, нагадвае прэс-служба Гродзенскай мытні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі