Вы тут

Гродзенскі таксовец, якога збілі амапаўцы, знік перад вынясеннем прысуду

Аляксей Лапо / TUT.by

Гродзенскі таксовец Аляксей Лапо, збіты амапаўцамі пры затрыманні, знік перад вынясеннем прысуду, піша TUT.by. Мужчыну абвясцілі ў вышук. Калі яго знойдуць, то возьмуць пад варту па рашэнні суда.

Прысуд гродзенцу мусілі абвясціць сёння. Пракурор прасіў для яго тры гады калоніі, канфіскацыю аўтамабіля і спагнанне з яго судовых выдаткаў. Аднак Лапо на прысуд не з'явіўся.

Лапо судзяць па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса — "Гвалт альбо пагроза гвалту ў адносінах да супрацоўніка праваахоўных органаў". Пацярпелымі выступаюць супрацоўнікі АМАП Павел Конан і Арцём Лагіш. У аднаго з іх пасля інцыдэнту былі сінякі. Па дапамогай да медыкаў амапаўцы не звярталіся.

11 жніўня амапаўцы затрымалі Аляксея Лапо. Аляксей з кампаніяй прыехалі на паркоўку каля супермаркета "Алмі" на вуліцы Савецкіх памежнікаў. У тыя дні ў Беларусі быў адключаны інтэрнэт. Таксовец, які працаваў на сваім аўтамабілі, меў мала заказаў, таму ўвечары вырашыў з прыяцелямі пакатацца па горадзе. Заадно заехалі ў краму. Калі выязджалі з паркоўкі, па словах Аляксея, хтосьці стаў біць ззаду па машыне. 

"Дзве машыны праехалі перад намі, я іх прапусціў і збіраўся ехаць таксама. Гэта значыць, рухавік быў заведзены, фары гарэлі. Убачыў у люстэрках сілуэты. Злева стаяў чалавек, але для мяне пры ўключаных фарах ён таксама быў толькі сілуэтам. Тут пасыпаліся ўдары ззаду", — расказваў таксовец.

Калі ён паехаў, то па машыне нехта стаў біць у раёне лабавога шкла. Па словах Лапо, ён быў у шокавым стане і паехаў з паркоўкі, не разумеючы, што адбываецца. 

"У гэты момант я заўважыў, што чалавек, той, які быў злева, стаў перабягаць перад машынай. Я і не думаў, што ён пабяжыць так хутка, не паспеў затармазіць і неяк сцяміць. Але ніякіх знакаў аб прыпынку транспарту мне як кіроўцу ніхто не падаваў. Я праехаў па паркоўцы крамы і з'ехаў адтуль", — згадваў ён. Таксовец адзначае, што людзі былі без знакаў адрознення і флікераў, яны яму нічога не казалі.

Бок абвінавачвання ж заявіў, што Лапо з мэтай перашкодзіць дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі ўжыў гвалт над імі — то бок, наехаў на іх. 

Пазней машыну Аляксея спынілі амапаўцы каля плошчы Дзекабрыстаў і жорстка затрымалі ўсю кампанію. Аўтамабіль разбілі, а людзей, якія былі ўнутры, выцягнулі на дарогу і збілі.

Пры затрыманні Лапо атрымаў шматлікія пераломы, удары, гематомы. Яго аперавалі ў аддзяленні сківічна-тварнай хірургіі абласной бальніцы. У заключным дыягназе — пералом сківіцы, гаймаравых пазух, скулавай косткі, носа і шматлікія ўдары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.