Вы тут

Гледачы пра "Мы, браты": Вельмі своечасовы фільм, але не Звягінцаў!

1 кастрычніка. 14.30. У зале кінатэатра "Беларусь" — 19 чалавек. Апроч журналіста Еўрарадыё і прыязнай білецёркі пяць маладых людзей да дваццаці гадоў, дзевяць асоб за шэсцьдзесят і тры мужчыны рознага ўзросту. Ад сёння тут круцяць нашумелы беларуска-амерыканскі блокбастар "Мы, браты", які, паводле стваральнікаў, мае глыбокі філасофскі сэнс. А паводле тых, хто быў на прэм'еры, — не мае ніякага сэнсу. Еўрарадыё вырашыла перагледзець кіно са звычайнымі мінчукамі і даведацца пра іх уражанні.

"Я чаму пайшла? Быў анонс па тэлебачанні з двума нашымі артыстамі (я не памятаю іх прозвішчаў) і яны распавялі пра стварэнне гэтага фільма. Думаю, схаджу я і пагляджу", — распавядае жанчына ў чорнай бярэтцы з брошкай. Яна прыйшла на фільм сама, без кампаніі.

Пухлавусная Наташа Алам, пагоня, кроў, каініты і авеліты, Мінск, браты-бландыны, верталёт, кактэйлі Молатава, "план цэнтрыфуга". Прыкладна ў гэты момант зала пачынае ажыўляцца: квартэт пенсіянераў, знешне падобных да замежнікаў, смяецца ўголас. Іх падхопліваюць два хлопцы і дзяўчына, якія ўзначальваюць глядацкія шэрагі. Прычым, пенсіянеры так гучна каментуюць убачанае, што прыязная білецёрка з салідарнасцю ў вачах, ветліва просіць іх крыху стрымліваць эмоцыі. Аднак паколькі без эмоцый беларускі шэдэўр успрымаць цяжка, то цягам фільма рогат раз-пораз вырываецца з гледачоў. Праўда, публіка першага паказу "Братоў" у шырокім пракаце апынаецца больш эмацыйна стабільнай, чым тая, што была на прэм'еры ў кінатэатры "Масква": ніводзін з 17-ці незаангажаваных чалавек заўчасна залу не пакідае! Больш таго, "праводзяць" кіно гледачы апладысментамі.

"Мне спадабалася", — вельмі сур'ёзна адказвае на пытанне Еўрарадыё хлопец. Яго сябра таксама вельмі сур'ёзна падхоплівае: "У цэлым нічога, фільм някепскі. Крыху сюжэт такі цікавы, не такі банальны, як у звычайных фільмах замежных. Тут ёсць інтрыга".

"Рагатуны"-пенсіянеры выходзяць з кінатэатра ва ўзнёслым настроі — відаць, што насмяяліся на славу — як на камедыі пабывалі. Але дзяліцца ўражаннямі з журналістам Еўрарадыё не хочуць: маўляў, пакажыце пасведчанне! Няма? (Ну, забылася, бывае!) Тады да пабачэння!

А вось жанчына ў бярэтцы проста прагне падзяліцца ўбачаным. Спачатку пытаецца, ці не замежнікі тыя людзі, што смяяліся з дзеянняў нашых службаў у фільме, а потым літаральна абагаўляе стужку!

Мне спадабаўся фільм. Я лічу, што яго мусяць увогуле паказваць да 11 чысла ва ўсіх кінатэатрах!

У размову ўступае пажылы мужчына, мой сусед па праглядзе. Ён прыйшоў на карціну прадзюсара Ждановіча разам з жонкай:

Спадабаўся ў тым сэнсе, што яго цікава глядзець.

— Падабаецца, як паказалі, як спецслужбы нашы працуюць, і што можа атрымацца, калі раптам што... і каб мы ведалі, як дзейнічаць у такіх выпадках... — працягвае актыўная наша суразмоўца ў бярэтцы. — Канечне, не дай Бог, але гэта ўсё можа быць. Гэта можа паўтарыцца, разумееце?..

Жонка мужчыны ўсё ж вяртаецца да фільма:

Я не вельмі зразумела вось гэтую лінію пра Каіна і Авеля, не вельмі ўлавіла. Я яе не ведаю так, як хацелася б. І кіно гэта не праясніла.

— Ну, гэта сустракаецца паўсюдна. Такія адносіны... — не пагаджаецца з жонкай муж. — Але яшчэ раз мы на гэты фільм не пойдзем.

Я лічу, што фільм своечасовы, добра пастаўлены, добра паказаны. Мінск з задавальненнем паглядзела — я яго добра ведаю, увесь горад ножкамі сваімі прайшла, — не сунімаецца жанчына ў бярэтцы.

Я не лічу, што ён добра пастаўлены. Так, паглядзець, і ўсё. Няма захаплення, — парыруе жонка.

 

— Не Антаніёні і не Бергман, на жаль, — не вытрымліваю і я.

— Так, і не Звягінцаў, — падтрымлівае мяне жанчына, якая прыйшла з мужам. — Вось, разумееце да чаго я! Мы ўжо рэдка ходзім у кіно, таму што ідуць ў асноўным баевікі, а хацелася ўзнятай праблемы.

Усё адно. Трэба гэта паказваць да 11-га, каб людзі ўзгадалі, як гэта было 5 гадоў таму, каб і вушы не распускалі, і напагатове былі, бо ўсякае можа быць. Ну, пэўныя службы яны і так напагатове, — працягвае "актывістка". А пара яе ўважліва слухае. —  Усё ціха і спакойна, канечне, але чакаць можна ўсяго, тым больш, што Украіна пад бокам. І за гэтыя апошнія 5 гадоў Украіна так сябе паказала, што далей няма куды. Хаця наш прэзідэнт і павіншаваў Парашэнку з днём нараджэння.

І тут мужчына не вытрымлівае:

— Увесь свет падтрымлівае Украіну!

На гэтым развітваюся з маімі суразмоўцамі.

Дарэчы, фільм, які першапачаткова быў заяўлены ў пракаце да 4 кастрычніка, будзе ісці, як і марыць жанчына ў бярэтцы, да 16 (!) кастрычніка ў трох кінатэатрах Мінска. А потым, кажуць, паедзе па Беларусі.

Ад сябе: мне хацелася пакінуць залу падчас прагляду (ну люблю я Антаніёні, Вендэрса і Вудзі Алена, а ў беларускага блокбастара з імі няма нічога агульнага), але заданне рэдакцыі вышэй за ўсё!

Кадры з фільма ўзятыя са старонкі стужкі ў фэйсбуку