Вы тут

Гэта не Мордар, а калгас: 17-гадовая Насця — пра затрыманне і пагрозу адлічэння

Затрыманне Насці Казановіч / Еўрарадыё

Кадры з затрыманнем на Жаночым маршы 17-гадовай студэнткі лінгвагуманітарнага каледжа МДЛУ Насці Казановіч абляцелі інтэрнэт. Дзяўчына ў яркай гарчычнай куртцы і бліскучай сукенцы была на акцыі адной з самых заўважных — таму і схапілі яе адну з першых.

Праз два дні, раніцай 21 верасня, маці студэнткі пазваніла дырэктарка каледжа і сказала, што ў інтарэсах дзяўчыны — забраць дакументы ў той жа дзень. Калі Насця з мамай прыйшлі па дакументы, падтрымаць іх сабралася каля 30 чалавек, у тым ліку студэнты МДЛУ.

— Дырэктарка адмаўляла тое, што казала раней. Пры сустрэчы яна сказала: “Вучыцеся, калі ласка, далей”, — распавядае Еўрарадыё Насця. — Мы пачалі казаць пра рэпрэсіі. Напрыклад, дзяўчат і хлопцаў з каледжа, якія ходзяць са сцягамі, потым вылічваюць і пастаянна вядуць з імі выхаваўчыя гутаркі. Яна адказвае, што не павінная апраўдвацца. Гэта ўсё палітыка.

На маршы прыходзіла са сваімі малюнкамі

Дзяўчына вырашыла здаць сесію і тады забраць дакументы. Калі яна яшчэ не ведала, што ёй дазволяць вучыцца далей, навіну пра адлічэнне прыняла спакойна.

— Дырэктарка спасылалася на пропускі, але я сама збіралася адлічацца.

Па словах Казановіч, у каледжы вучыцца ёй не падабаецца, бо там такая ж сістэма, як і ў сілавых структурах. Усё накіравана на падаўленне іншадумства, чалавека проста робяць “вінцікам”.

 

Насця на маршы / Instagram

— Я больш хачу маляваць, чым быць настаўнікам англійскай мовы. Былі думкі, каб з’ехаць вучыцца за мяжу па тых жа праграмах для рэпрэсаваных студэнтаў, але я перагледзела свае погляды. Цяпер вельмі вызначальны час для краіны.

Насця дакладна ведае, што не збіраецца вучыцца ў дзяржаўных установах Беларусі.

— Я паказвала сваю работу мастаку Алесю Марачкіну. Ён сказаў, што гэта вельмі добра. Я папрасіла, каб ён быў маім майстрам, і ён сказаў, што можа.

 

Насця з Алесем Марачкіным / Instagram

На ранейшыя маршы дзяўчына прыходзіла са сваімі малюнкамі.

— Плакаты я малявала сама. І далей пратэставаць праз творчасць — гэта адзін з варыянтаў, як я магу дапамагчы.

“Яны як бандзюганы”

Дзяўчына вельмі эмацыйна распавядае пра затрыманне.

— Я чалавек рашучы і абсалютна разумела, куды ішла. Усе было добра, пакуль не наляцелі аўтазакі. Я паспела забегчы ў піцэрыю, але праз акно ўбачыла, што нашы дзяўчынкі становяцца ў счэпкі, іх выхопліваюць. Я не магла бяздзейнічаць, заставацца абыякавай. Таму проста пабегла да іх — абараняць.

 

Жанчыны ў счэпцы 19 верасня / Еўрарадыё

З Насцяй была сяброўка, але ёй пашанцава — не затрымалі.

— Каля счэпкі стаяў мужчына ў амапаўскай форме, які сказаў: “Тише, не кричите, всё будет хорошо”. Я нават падумала, што гэта “наш чалавек”, але калі побач пачалі крычаць дзяўчынкі, ён з гэтага засмяяўся. Пасля сказаў, што ён увогуле следчы. Але ў амапаўскай форме.

Калі дзяўчаты ў счэпцы спрабавалі дапамагчы тым, каго затрымлівалі побач, Насцю таксама папрасілі “прайсці”.

— Я адмовілася. Тады мяне схапілі адной рукой за грудзі, другой рукой за шыю і пачалі вельмі жорстка цягнуць. Спачатку адзін, потым двое. У мяне дагэтуль баляць тыя месцы, сінякі нават троху ёсць. Увогуле, яны як бандзюганы. У аўтазаку не было чым дыхаць.

 

Насцю вядуць у аўтазак / Еўрарадыё

“Ён і ў РУУС быў у масцы”

У аўтазаку дзяўчына сустрэла італьянца, які, па яе словах, быў у шоку і, хутчэй за ўсе, проста выпадкова знаходзіўся побач. Таксама там была Аляксандра Гушча, яе білі па нагах пры затрыманні. У той жа машыне апынулася і Ніна Багінская.

— Калі мы пачулі, што Ніна з намі, то пачалі скандзіраваць усе, як на маршы, моцна: “Ніна, Ніна! Адпусціце Ніну!” Яшчэ была дзяўчынка Ася. Пры затрыманні яе ўдарылі па галаве, і ў яе здарыўся прыступ эпілепсіі ў аўтазаку. Хуткую там не выклікалі, сказалі, што ў РУУС разбяруцца.

Ніна Багінская ў аўтазаку / Еўрарадыё

Сярод тых, хто вадзіў Насцю з паверха на паверх у РУУС і “іранічна праводзіў на волю”, яна пазнала аднаго з мужчын, які цягнуў дзяўчыну ў машыну.

— Яны проста потым выходзяць з аўтазака і могуць пераапрануцца ў цывільнае. Не магу сцвярджаць дакладна, бо ён і ў РУУС быў у масцы, але я пазнала яго вочы і бровы. Гэта быў адзін з тых, хто хапаў мяне за рукі. А потым ён ужо хлопчык у цывільным, якому гадоў 20.

Да пад’езда прыходзілі суседзі, прапаноўвалі дапамогу

За 4 гадзіны, якія Насця правяла ў міліцэйскім пастарунку, яна прыйшла да высновы, што ніякай дысцыпліны ці сістэмы там няма.

— Яны мала што паспелі зрабіць за гэты час, бо там проста нейкая самаволя. Маёй маме пазванілі толькі праз тры гадзіны пасля затрымання.

Сваякі даведаліся, што Насця затрыманая, значна раней: муж яе сястры, які жыве ў Чэхіі, убачыў дзяўчыну на фотаздымку ў чэшскім выданні.

— Бацька мяне не падтрымлівае, а маці, безумоўна, хвалявалася, але трымалася мужна. Як толькі маё імя з’явілася ў спісах, у яе разрываўся тэлефон, да пад’езда прыходзілі суседзі, прапаноўвалі дапамогу. З РУУС мяне забралі суседка з маці.

Пасля здарэння Насця амаль не выходзіла з дому, бо адчувала сябе дрэнна маральна і фізічна. Але ёй пішуць шмат слоў падтрымкі — нават незнаёмыя людзі, а таксама тыя, пра каго яна нічога не чула з дзяцінства.

— Было цяжка, бо там ты як загнаны звер. Думаю, добра, што ў РУУС трапіла я, а не хтосьці, каму было б цяжэй ці каго б звезлі на 15 сутак. 

Нягледзячы на шок, дзяўчына кажа, што пасля затрымання ў яе з’явілася больш упэўненасці ў сваіх сілах.

— Я проста пабачыла іх кухню знутры. З’явілася упэўненасць у хісткасці гэтай сістэмы. Гэта не Мордар, а калгас... Нават у калгасе ўсё больш арганізавана, — рэзюмуе Насця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.