Генпракуратура Беларусі хоча спагнаць з Паўла Латушкі каля 3 млн долараў

Генпракуратура Беларусі хоча спагнаць з апазіцыйнага дзеяча, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі 6 мільёнаў 471 тысячу рублёў (гэта каля 3 млн долараў). Іскавае патрабаванне разглядае суд Мінскага раёна. Па версіі Генпракуратуры, у 2011 годзе, калі Латушка быў міністрам культуры, ён нанёс "страты" бюджэту ў памеры 2,3 млн рублёў праз "фінансаванне незапатрабаваных кінапраектаў".  Яшчэ "страты" на 4,1 млн рублёў налічылі за "пагромы, падпалы і знішчэнне маёмасці на заклікі Каардынацыйнага савета". Павел Латушка быў адным з яго лідараў. Але пра такія заклікі нічога невядома. Генпракуратура лічыць, што ўжо само ўступленне Латушкі ў гэтую структуру справакавала "падпалы і пагромы". Павел Латушка падкрэслівае, што ні заяў пацярпелых, ні доказаў нанесеных разбурэнняў у судзе не прад'яўлена.

Латушка з 2020 года жыве ў Польшчы. У Беларусі на яго распачатыя шматлікія крымінальныя справы за палітычную дзейнасць.

Апазіцыянер тройчы патрабаваў правядзення судовага пасяджэння па відэаканферэнцыі. Але яму адмовілі. Павел Латушка адзначае "палітычны характар" падобных судовых працэсаў.

Якім чынам РБ збіраецца спаганяць вялізную суму з Латушкі? Відаць, часткова праз канфіскацыю яго маёмасці ў Беларусі. У студзені стала вядома, што на дачку Паўла Латушкі распачалі крымінальную справу, яе кватэру арыштавалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.