Гендырэктар МАГАТЭ: фізічная цэласнасць ЗАЭС была парушаная некалькі разоў

На Запарожскай АЭС у Энергадары будзе дзейнічаць пастаянная місія Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ). Пра гэта заявіў гендырэктар арганізацыі Рафаэль Гросі пасля візіту на ЗАЭС, паведамляе novosti.dn.ua.

"Я шмат чаго бачыў, і мае людзі ўсё яшчэ знаходзяцца там. Мы мелі магчымасць абысці ўсю пляцоўку. Я ўваходзіў у блокі, я меў магчымасць убачыць аварыйныя сістэмы, дызель-генератары, іншыя элементы. Таксама мы наведалі блокавыя шчыты кіравання на некалькіх энергаблоках", — падзяліўся ён падрабязнасцямі візіту на АЭС.

Ён падкрэсліў, што фізічная цэласнасць ЗАЭС была некалькі разоў парушаная. "Выпадкова ці наўмысна — мы не маем неабходных звестак, каб гэта ацаніць", — канстатаваў кіраўнік МАГАТЭ.

Таксама Гросі заявіў, што ўдзельнікам місіі МАГАТЭ ўдалося паразмаўляць з работнікамі станцыі і жыхарамі горада. Пра ўкраінскі персанал станцыі ён паведаміў, што работнікі знаходзяцца "ў складанай сітуацыі, але маюць неабходны прафесіяналізм... І яны працягваюць выконваць свае абавязкі".

Гросі паведаміў, што адна група тэхнічных экспертаў МАГАТЭ застанецца на АЭС да нядзелі ці панядзелка. Яны змогуць больш падрабязна прааналізаваць усё, каб падрыхтаваць справаздачу. Пасля гэтага плануецца арганізаваць на Запарожскай АЭС пастаяннае прадстаўніцтва экспертаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.