Гандаль паміж Беларуссю і Украінай: ці ёсць шанец вярнуць усё так, як было?

Гандаль паміж Беларуссю і Украінай: ці ёсць шанец вярнуць усё так, як было?

Што цяпер, падчас вайны, адбываецца з гандлёвымі стасункамі Беларусі і Украіны?

— Станам на сёння, калі гаварыць пра бягучы гандаль, то зважаючы на часткова закрытыя межы і лагістычныя праблемы можна казаць, што значная частка гандлёвых патокаў пастаўлена на паўзу, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітычны аналітык Ігар Тышкевіч. — Рашэння Украіны аб поўным спыненні гандлю з Беларуссю няма і з вялікай доляй верагоднасці на дадзеным этапе не будзе.

Вайна скончыцца, Украіна пачне адбудоўваць зруйнаваныя расійскімі “асвабадзіцелямі” дарогі і дамы. Можа, старонка перагорнецца і Беларусь будзе гандляваць з Украінай як нічога не было?

— Станам на сёння абодва бакі пасылаюць сігналы адзін аднаму, што, у прынцыпе, цалкам ірваць адносіны было б немэтазгодна, — адказвае Ігар Тышкевіч. — Я хачу нагадаць, што нават з Мінска, нягледзячы на антыўкраінскую рыторыку, Украіну не ўключылі ў пералік недружалюбных для Беларусі дзяржаў.

З іншага боку, ва Украіне таксама ўважліва глядзяць за тым, як сябе паводзіць афіцыйны Мінск. У тым ліку і з пункту гледжання магчымай пасылкі беларускіх вайскоўцаў ваяваць супраць Украіны. Таму я б не стаў казаць, што для атачэння Лукашэнкі ўсё пройдзе без наступстваў. Беларусі трэба будзе даказаць, што супрацоўніцтва з ёю бяспечнае. У любым выпадку аднаўленне тых жа самых таварных патокаў на ранейшым узроўні — хаця б 2021 года — будзе складанай праблемай для афіцыйнага Мінска.

Да пачатку расійскай агрэсіі ўкраінскія ўлады актыўна гандлявалі з Лукашэнкам. Вынікам дзелавога партнёрства сталі расійскія танкі, якія ўварваліся на тэрыторыю Украіны з Беларусі.

Чаму ўкраінскае кіраўніцтва да апошняга моманту не адмаўлялася гандляваць з беларускім рэжымам, які пазней “аддзячыў” расійскімі танкамі і ракетнымі ўдарамі?

— Можна ісці на нейкія рэзкія крокі альбо на нейкую палітыку, калі ёсць альтэрнатыва, на якую ты ўплываеш альбо якая паказвае табе яўнае пазіцыянаванне, — кажа Ігар Тышкевіч. — Калі мы гаворым сёння пра другі бок палітычнага супрацьстаяння ў Беларусі [магчыма, маецца на ўвазе Святлана Ціханоўская і яе штаб. — Еўрарадыё], то можна задаць пытанне: колькі месяцаў гэты другі бок выціскаў з сябе адказ на простае пытанне “чый Крым?”. А гэта вельмі важнае пытанне. Гэта лакмусавая паперка для ўкраінцаў. І калі гэтага не было, то прашу прабачэння. Ёсць Лукашэнка, ён кепскі, і ёсць альтэрнатыва, але якая — халера ведае. Таму гэта [выбар Украіны супрацоўнічаць з Лукашэнкам. — Еўрарадыё], прашу прабачэння, рацыянальнасць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі